— Ці належала вам, сэр, — адазвалася яна, — прыкідацца, быццам вы ўпэўнены ў адваротным, і дзёрзка паказваць мне на гэта з дня на дзень?
— Так, пані, належала! — з запалам запярэчыў ён. — Калі-б я гэтага не рабіў, калі-б я рабіў інакш, я не гаварыў-бы з вамі так, як гавару цяпер. А я прадбачыў — хто мог лепш прадбачыць, бо хто ведае лепш пра містэра Домбі, чым я? — што, калі толькі ваш характар не будзе такім самым падатлівым і ўступчывым, як характар яго першай пакорлівай жонкі, а гэтаму я не верыў…
Пакорлівая ўсмешка дала яму зразумець, што ён можа паўтарыць гэтыя словы.
— А гэтаму, кажу, я не верыў, — так, я прадбачыў, што, напэўна, прыдзе час, калі такая згода, да якой мы цяпер прышлі, можа аказацца карыснай.
— Карыснай каму, сэр? — абыякава запыталася яна.
— Вам.
Яна прыкусіла свае крывава-чырвоныя губы, але прадаўжала сачыць за ім тым-жа панурым, пільным позіркам.
— Пані, — сказаў містэр Каркер з надзвычайнай пашанай і ўвагай, садзячыся ў крэсла побач з ёю, — навошта мне хістацца цяпер, калі я цалкам вам адданы, і не гаварыць шчыра? Было зусім натуральна, што лэдзі, якая мае такія надзвычайныя якасці, знойдзе магчымым змяніць характар свайго мужа — змяніць яго ў лепшы бок.
— Гэта было ненатуральна для мяне, сэр, — засупярэчыла яна. — Такіх надзей і такіх намераў у мяне не было ніколі.
— Было натуральна, прынамсі, — прадаўжаў ён, — што вы лічылі зусім магчымым жыць з містэрам Домбі ў якасці яго жонкі, не падначальваючыся яму і ў той-жа час не даходзячы да такіх рэзкіх сутычак. Але, пані, разважаючы такім чынам, вы не ведалі містэра Домбі (у чым і пераканаліся з таго часу). Вы не ведалі, які ён патрабавальны і які ён горды або, калі дазволіце так сказаць, як ён заняволен сваёю-ж уласнай велічнасцю і ідзе, упрэжаны ў сваю ўласную трыумфальную калясніцу, нібы ўючная жывёла, думаючы толькі аб тым, што гэта калясніца знаходзіцца за яго спіной і цягнуць яе патрэбна цераз усё і праз усё.
Зубы яго асляпляльна бліснулі, калі ён злосна прадаўжаў:
— Містэр Домбі сапраўды няздолен паставіцца з сапрэўднай увагай як да вас, так і да мяне. Параўнанне надзвычай рызыкоўнае — я яго зрабіў наўмысна, — але правільнае. Містэр Домбі, карыстаючыся паўнатой улады, папрасіў мяне — я гэта пачуў ад яго самога ўчора раніцой, — каб я быў пасярэднікам паміж ім і вамі, бо яму вядома, што вы непрыязна ставіцеся да мяне, але іменна праз мяне ён хоча пакараць вас за вашу ўпартасць. Вы можаце ўявіць, як пагарджае ён мною, як ён не дапускае магчымасці, што ў мяне ёсць нейкія асабістыя мае пачуцці або