Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/412

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пасля снедання місіс Ск'ютон зрабіла выгляд, быццам з дзявоцкай грацыяй абапіраецца на руку маёра, але ў сапраўднасці яе падтрымлівала з другога боку пакаёўка Флауэрс, а ззаду падпіраў паж Уітэрс, і такім чынам яе давялі да карэты, у якой ёй патрэбна было ехаць разам з Фларэнс і Эдзіт у Брайтон.

— Няўжо Джозеф канчаткова прагнаны? — запытаўся маёр, прасоўваючы ў дзверцы сваю пурпуравую фізіяномію. — Чорт пабяры, пані, няўжо Клеапатра такая бязлітасная, што забараняе свайму вернаму Антонію Бегстоку з'явіцца перад тварам яе?

— Пайшлі адсюль! — сказала Клеапатра. — Я вас цярпець не магу. Калі будзеце разумным, можаце наведаць мяне, калі я вярнуся.

— Скажыце Джозефу, пані, што ён можа жыць гэтай надзеяй, — адказаў маёр, — інакш ён памрэ ад роспачы.

Клеапатра ўздрыганулася і адкінулася назад.

— Эдзіт, дарагая мая, — усклікнула яна, — скажыце яму…

— Што?

— Такія жахлівыя словы! — сказала Клеапатра. — Ён гаворыць такія жахлівыя словы!

Эдзіт паказала яму знакам пайсці, загадала ехаць і пакінула нясцерпнага маёра містэру Домбі.

Клеапатра, папераменна бурчлівая, самазадаволеная, незасынаючая і засынаючая, але нязменна маладжавая, прыбыла ў той-жа вечар у Брайтон, рассыпалася як звычайна на кавалкі і была пакладзена ў пасцель.

На вышэйшым совеце медычных знаўцаў было пастаноўлена, што яна павінна штодзённа выязджаць на прагулку і штодзённа, калі сілы ёй дазволяць, выходзіць з экіпажа і прагульвацца пехатою. Эдзіт гатова была суправаджаць яе, па-ранейшаму безудзельна ўважлівая і спакойна цудоўная, — і яны выязджалі ўдваіх. З таго часу, як матцы зрабілася горш, Эдзіт у прысутнасці Фларэнс адчувала сябе няёмка і, пацалаваўшы Фларэнс, гаварыла ёй, што лічыць за лепшае быць адной з маткай.

Аднойчы місіс Ск'ютон была ў раздражнёным і сварлівым настроі, які нагадваў яе стан у перыяд папраўкі пасля першага ўдару. Спачатку яна моўчкі сядзела ў экіпажы, паглядаючы на Эдзіт, пасля ўзяла яе руку і горача пацалавала. Дачка не забірала ад яе рукі і не супраціўлялася, калі тая падняла яе і гэта рука, калі яе выпусцілі, зноў упала. Тады місіс Ск'ютон пачала хныкаць і лямантаваць, гаварыць аб тым, якой яна была цудоўнай маткай і як ёю пагарджалі. Час ад часу яна пачынала капрызна паўтараць аб гэтым, калі яны ўжо вышлі з экіпажа, і яна, пакульгваючы, цягнулася, абапіраючыся на Уітэрса і на кіёк; Эдзіт ішла збоку, а экіпаж памалу ехаў за імі на некаторай адлегласці.

408