Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/403

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вах і крыўдах і дзякуючы гэтаму апраўдваў сябе перад ёй. Чым больш годнай за яго абяцала яна стаць, тым больш ён схіляўся дамагацца заднім чыслом яе паважання і пакорлівасці. Хіба выяўляла яна калі-небудзь сваё паважанне і пакорлівасць? Чыё жыццё ўпрыгожвала яна — яго ці Эдзіт? Каму першаму адкрыла сваю чароўнасць — яму ці Эдзіт? Ды адносіны-ж паміж імі, з самага яе нараджэння, не былі падобнымі да адносін паміж бацькам і дачкою! Яны заўсёды былі чужымі адзін аднаму. Яна заўсёды рабіла насуперакі яму. Цяпер яна ўдзельнічала ў змове супроць яго. Нават яе прыгажосць змякчала людзей, якія не схіліліся перад ім, і зневажала яго сваёй супроцьнатуральнай урачыстасцю.

Панураму, упартаму, хмурнаму дэману, якім ён быў апантаны, яго жонка супроцьпаставіла сваю — іншую — гордасць. Яны ніколі не маглі-б жыць шчасліва разам; але нішто не магло зрабіць іх жыццё больш няшчасным, чым гэта наўмысная і ўпартая барацьба такіх страсцей. Яго гордасць дамагалася захавання яго вярхоўнай улады і патрабавала ад яе прызнання гэтай улады. Яна згадзілася-б пайсці на смяротныя мукі, але да апошняй хвіліны не зводзіла-б з яго ганарыстага позірку, які выказваў спакой і няўмольную пагарду. Вось чаго ён дамогся ад Эдзіт! Ён не падазраваў аб тым, якія буры і барацьбу вытрымала яна, пакуль не заслужыла гонару насіць яго імя. Ён не падазраваў аб тым, на якія ўступкі, на яе думку, яна пайшла, калі дазволіла яму назваць яе сваёй жонкай.

Містэр Домбі вырашыў паказаць ёй, што ён — уладар. Няма і не можа быць іншай волі, апрача яго волі. Ён хацеў, каб яна была гордай, але яе гордасць павінна была служыць яго інтарэсам, а не шкодзіць ім. Калі ён сядзеў адзін, раз'юшаны, ён часта чуў, як яна ад'язджала і варочалася дадому, бываючы ў лонданскім грамадстве і ўдзяляючы столькі-ж увагі яго сімпатыям і антыпатыям, яго здавальненню і нездавальненню, колькі магла-б удзяляць, калі-б ён быў яе грумам. Яе халодная, велічная роўнадушнасць — яго ўласная неаспрэчная якасць, украдзеная ёю ў яго, — зневажала яго больш, чым маглі-б зневажыць любыя паводзіны. І ён вырашыў, што прымусіць яе скарыцца перад яго ганарлівай і моцнай воляй.

Ён даўно ўжо думаў аб гэтым і аднойчы, позна ўвечары, пачуўшы, што яна вярнулася дадому, накіраваўся да яе, у яе пакоі. Яна была адна, у надзвычай прыгожым убранні, і толькі што прышла ад сваёй маці. Выгляд у яе быў сумны і задуменны, калі ён з'явіўся перад ёю; але яна заўважыла яго яшчэ ў дзвярах, бо, глянуўшы ў люстра, перад якім яна сядзела, ён адразу-ж убачыў ссунутыя бровы і пануры выраз цудоўнага твара, які так добра яму вядомы.

— Місіс Домбі, — сказаў ён, уваходзячы, — дазвольце мне пагутарыць з вамі.

399