Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/397

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нецца. Ці гавару я, што ён вернецца? Не. Чаму? Трымайцеся па курсу гэтага назірання.

— Бансбі, — сказаў капітан Катль, які, здавалася, даваў тым больш высокую ацэнку думкам свайго славутага сябра, чым цяжэй было яму хоць што-небудзь з іх узяць. — Бансбі, — паўтарыў капітан, надзвычай здзіўляючыся, — вы ў сябе ў галаве змяшчаеце груз, які хутка затапіў-бы судно з такім водазмяшчэннем, як маё! Але што датычыць вось гэтага завяшчання, я думаю не рабіць ніякіх захадаў, каб заўладаць маёмасцю… даруй божа!.. і толькі пастараюся захаваць яе для больш законнага гаспадара. І я ўсё-такі спадзяюся, што Соль Джылс, законны гаспадар, жыве і вернецца, хоць, магчыма, і здасца дзіўным, чаму ён не пасылае аб сабе ніякіх вестак. А цяпер якая ваша думка, Бансбі, наконт таго, каб зноў схаваць гэтыя паперы і адзначыць зверху, што яны былі распячатаны такога та чысла ў прысутнасці Джона Бансбі і Эдуарда Катля?

З прычыны таго, што Бансбі не ўгледзеў у адказ на гэту прапанову ніякіх пярэчанняў на ўзбярэжжы Грэнландыі або дзе-небудзь у іншым месцы, яна была прыведзена ў выкананне, і гэты вялікі чалавек, на секунду скіраваўшы свой позірк на непасрэдна акружаючую яго абстаноўку, уласнай рукой вывеў свой подпіс на канверце, рашуча ўтрымліваючыся, з характарыстычнай для яго скромнасцю, ад ужывання вялікіх літар. Капітан Катль, у сваю чаргу распісаўшыся левай рукой і замкнуўшы пакет у незгараемую скрынку, прапанаваў свайму госцю прыгатаваць яшчэ шклянку грогу і выкурыць яшчэ адну люльку і, сам зрабіўшы гэта самае, задумаўся, седзячы ля каміна, аб тым, які можа быць лёс беднага старога інструментальнага майстра.

А пасля адбылася падзея такая жахлівая і ўзрушальная, што капітан Катль без падтрымання Бансбі зваліўся-б пад яе цяжарам. І з гэтай ракавой гадзіны быў-бы загінуўшым чалавекам.

Як мог капітан, нават калі прыняць пад увагу радасць, выкліканую наведваннем такога госця, як мог ён толькі прычыніць дзверы, а не замкнуць іх, — а ў гэтай неахайнасці ён вядома быў вінаваты, — з'яўляецца адным з тых пытанняў, якім суджана вечна аставацца прадметам для разваг або ўзбуджаць нездавальненне супраць лёсу. Як-бы там ні было, але ў гэту ціхую гадзіну праз незамкнутыя дзверы ўварвалася ў гасціную раз'юшаная Мак-Стынджэр, трымаючы ў мацярынскіх сваіх абдымках Александра Мак-Стынджэра, а за ёю ўслед утвараліся мітусня і помста (не кажучы ўжо аб Джуліяне Мак- Стынджэр і аб браце мілага малюткі Чарльзе Мак-Стыяджэры, вядомым на арэне сваіх дзіцячых гульняў пад імем Чаулі). Яна ўвайшла так шпарка і так нячутна, нібы струмень паветра з суседніх Ост-Індскіх Докаў, што капітан Катль схапіўся толькі ў той момант, калі ўбачыў, што сядзіць і пазірае на яе з

393