— Вы мне прабачце, капітан Джылс, — адказаў містэр Тутс, — калі іншы раз ваша гутарка здаецца мне няяснай. Але, дапраўды, я… Капітан Джылс, гэта вельмі цяжка — не ўспамінаць пра міс Домбі. Дапраўды-ж, тут у мяне такі жахлівы цяжар, — Тутс патэтычна дакрануўся абодвума рукамі да сваёй манішкі, — што і ўдзень і ўночы мне бесперастанку здаецца, быццам хтосьці на мне сядзіць.
— Такія мае ўмовы, — сказаў капітан. — Калі вы іх лічыце цяжкімі, браток, — магчыма, яны сапраўды цяжкія, — абыйдзіце іх бокам, змяніце курс і расстанемся весела!
— Капітан Джылс, — запярэчыў містэр Тутс, — я добра не разумею, у чым тут справа, але пасля таго, што вы мне сказалі, калі я прышоў сюды першы раз, мне, бадай, больш прыемней будзе думаць аб міс Домбі пры вас, чым гаварыць аб ёй з кім-небудзь іншым. Таму, капітан Джылс, калі вы мне зробіце прыемнасць быць знаёмым з вамі, я буду вельмі шчаслівы і прыму вашы ўмовы. Я хачу быць сумленным, капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, рвануўшы зноў да сябе працягнутую руку, — а таму лічу сваім абавязкам сказаць, што не магу не думаць аб міс Домбі. Для мяне нямысліма даць абяцанне не думаць пра яе.
— Прыяцель, — сказаў капітан, чые думкі аб містэры Тутсе змяніліся к лепшаму пасля такога шчырага адказу, — думкі чалавека падобны да ветру, і ніхто не можа за іх паручыцца на які-б там ні было тэрмін. А што датычыцца слоў, дагавор заключан?
— Што датычыцца слоў, капітан Джылс, — адказаў містэр Тутс, — думаю, што магу ўзяць на сябе гэта абавязацельства.
І містэр Тутс адразу-ж падаў капітану Катлю руку, а капітан з ветлівым і прыхільна спагадлівым выглядам фармальна прызнаў іх знаёмства. Містэр Тутс быў, як відаць, вельмі супакоены і абрадаваны такім вынаходствам і з захапленнем хіхікаў аж да сканчэння свайго візіта. Капітан, у сваю чаргу, не быў засмучаны роляй апекуна і застаўся надзвычай задаволеным сваёй асцярожнасцю і прадбачлівасцю.
Але як-бы ні быў капітан Катль надзелены гэтай апошняй якасцю, у той-жа вечар яго чакаў сюрпрыз, наладжаны яму такім бясхітрасным і простадушным юнаком, як Роб Тачыльшчык. Гэты наіўны юнак, распіваючы чай за адным сталом з капітанам і ціхмана нахіляючыся над сваім кубкам і сподкам, на працягу некаторага часу назіраў употайкі за сваім гаспадаром, які быў узброены акулярамі і з вялікай цяжкасцю, але з вялікай важнасцю чытаў газеты; і, нарэшце, Роб парушыў маўчанне:
— Ах, прашу прабачэння, капітан, але, можа, вам патрэбны галубы, сэр?
— Не, прыяцель, — адазваўся капітан.
— Бо мне хацелася-б збыць сваіх галубоў, сэр, — сказаў Роб.
— Вось як! — усклікнуў капітан, злёгку прыпадняўшы свае калматыя бровы.