Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/373

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Візітная картка, пані, — сказаў Уітэрс, падаючы яе місіс Домбі.

— Я паеду, — сказала тая, не глянуўшы на картку.

— Дарагая мая, — праказала місіс Ск'ютон, расцягваючы словы, — як дзіўна даваць такі адказ, нават не пазнаўшы, хто прышоў. Падайце сюды, Уітэрс. Ах, божа мой, любачка, ды гэта-ж містэр Каркер! Такі разважлівы чалавек!

— Я паеду, — паўтарыла Эдзіт такім загадным тонам, што Уітэрс, падышоўшы да дзвярэй, загадна сказаў чакаўшаму слузе: «Місіс Домбі едзе. Ідзіце!» і зачыніў перад ім дзверы.

Але праз некалькі хвілін слуга вярнуўся і шапнуў нешта Уітэрсу, які зноў, і не вельмі ахвотна, з'явіўся перад місіс Домбі.

— Прашу прабачэння, пані, містэр Каркер сведчыць сваё шанаванне і просіць, калі можна, удзяліць яму адну хвіліну — для размовы па справе, пані.

— Дапраўды, дарагая мая, — сказала місіс Ск'ютон самым пяшчотным голасам, бо выраз твара дачкі не абяцаў дабра, — калі вы дазволіце мне выказаць маю думку, я параіла-б…

— Прасіце яго сюды, — сказала Эдзіт.

Калі Уітэрс пайшоў выконваць загад, яна дадала, кінуўшы хмурны позірк на матку:

— Калі ён прыходзіць па вашу параду, няхай зойдзе ў ваш пакой.

— Магу я… ці не пайсці мне? — хутка запыталася Фларэнс.

Эдзіт сцвярджальна кіўнула ёй галавой але, накіроўваючыся да дзвярэй, Фларэнс сустрэла ўваходзячага госця. З тою-ж непрыемнай фамільярнасцю і спагадлівасцю, з якой ён заўсёды звяртаўся да яе, загаварыўшы самым ліслівым тонам, ён выказаў надзею, што яна здарова… аб гэтым няварта было пытацца, досыць паглядзець на яе твар, каб атрымаць адказ… ён ледзьве меў гонар пазнаць яе ўчора вечарам, так яна змянілася… Ён прытрымліваў дзверы адчыненымі, калі яна выходзіла, і ўпотайку ўсведамляў уладу над ёю, якая спалохана адхіснулася ад яго, і гэта ўсведамленне ён не мог да канца захаваць, не гледзячы на ўсю сваю пачцівасць і ветлівасць.

Пасля ён схіліўся на секунду над прыязна працягненай рукой місіс Ск'ютон і, нарэшце, пакланіўся Эдзіт. Холадна, не пазіраючы на яго, яна адказала на яго прывітанне і, не садзячыся сама і не запрашаючы яго сесці, чакала, каб ён загаварыў.

— Я дазволіў сабе дамагацца гонару ўбачыць вас, — пачаў, містэр Каркер, — і я адважыўся сказаць, што прышоў па справе, таму што…

— Магчыма, містэр Домбі даручыў вам перадаць мне якое-небудзь ганьбаванне? — запыталася Эдзіт. — Містэр Домбі аказвае вам такое незвычайнае давер'е, сэр, што бадай ці здзівіце вы мяне, калі іменна ў гэтым і заключаецца ваша справа.

369