Праходзячы праз рознастайныя стадыі, адзначаныя далікатнай ежай і вінамі, золатам і срэбрам, ласымі дарамі зямлі, паветра, агню і вады, гарамі фруктаў і, гэтым залішнім на банкеце містэра Домбі пачастункам — марожаным, — абед павольна набліжаўся да заканчэння; апошнія яго стадыі суправаджаліся гучнай музыкай, выкліканай бесперастаннымі падвойнымі ўдарамі ў дзверы, якія паведамлялі аб прыбыцці гасцей, на чыю долю выпадаў толькі пах балявання. Калі місіс Домбі ўстала з-за стала, варта было паглядзець, як яе муж з нязгібнай шыяй і высока паднятай галавой прытрымліваў адчыненыя дзверы перад выходзіўшымі дамамі; і варта было паглядзець, як яна шпарка прайшла паўз яго, пад руку з яго дачкой.
Містэр Домбі меў унушальны выгляд, калі ўрачыста сядзеў перад графінамі; дырэктар Ост-Індскай кампаніі меў дрэнны выгляд, калі сядзеў у адзіноце ля апусцелага канца стала; маёр меў выгляд ваяўнічы, калі расказваў пра герцага Іоркскага нясмелым госцям (фанабэрысты нясмелы госць быў канчаткова знішчан); дырэктар банка меў вельмі скромны выгляд, калі пры дапамозе дэсертных нажоў чарціў для групы паклоннікаў план сваёй маленькай ананаснай цяпліцы, а стрыечны брат Фінікс меў выгляд задуменны, калі разгладжваў свае доўгія манжэты і ўпотайку папраўляў парык. Але ўсё гэта цягнулася нядоўга, бо неўзабаве з'явілася кофе і ўсе пакінулі сталовую.
Натоўп у парадных пакоях наверсе павялічваўся з кожнай хвілінай; але па-ранейшаму спіс гасцей містэра Домбі выяўляў прыроджаную няздольнасць зліцца са спісам місіс Домбі, і адразу можна было бачыць, хто ў якім спісе значыўся. Адзіным выключэннем з гэтага правіла быў, бадай, містэр Каркер; усміхаючыся ўсёй грамадзе і далучыўшыся да гуртка, які сабраўся каля місіс Домбі, ён назіраў за ёю, за гуртком, за сваім начальнікам, за Клеапатрай, маёрам, Фларэнс і ўсімі прысутнымі і адчуваў сябе лёгка і свабодна з абодвума катэгорыямі гасцей, а сам па сутнасці не належаў ні да той, ні да другой.
На Фларэнс ён наводзіў страх, з прычыны чаго яго прысутнасць у пакоі была для яе кашмарам. Яна не магла забыцца аб гэтай прысутнасці, бо позірк яе час ад часу паварачваўся ў яго бок мімаволі, як быццам няпрыязнь і недавер'е былі прыцягальнай сілай, якой яна не магла супроцьстаяць.
Аднак, думкі яе былі заняты іншым: седзячы ў баку — не таму, што ёю не зачароўваліся або не шукалі яе кампаніі, але з прычыны ўласцівай ёй скромнасці, — яна адчувала, якую нязначную ролю адыгрывае яе бацька ва ўсім, што адбываецца; яна з сумам бачыла, што яму было як быццам не па сабе, і яго не заўважалі, калі ён чакаў ля дзвярэй, сустракаючы тых гасцей, якім хацеў аказаць асаблівую ўвагу, і знаёміў іх са сваёй жонкай, якая прымала іх з халоднай ганарлі-