запляла ёй валасы, зняла з яе мокрыя чаравікі, калі толькі можна было назваць іх чаравікамі, накінула на плечы ёй нейкую сухую анучу і пакорна мітусілася вакол яе, мармычучы нешта сабе пад нос і ўспамінаючы ранейшыя яе рысы і погляд.
— Я бачу, што вы вельмі бедная, матуля, — сказала Эліс, якая сядзела так досыць доўга і, нарэшце, акінула позіркам пакой.
— Вельмі бедная, любачка, — адказала старая.
Яна зачароўвалася дачкою і баялася яе. Магчыма, яе зачараванне, якім-бы яно не было, зарадзілася даўно, калі ў разгар зняважлівай барацьбы за жыццё яна ўпершыню заўважыла прыгажосць дачкі. Магчыма, яе страх меў нейкія дачыненні да таго мінулага, пра якое яна толькі што чула. Ва ўсякім выпадку, яна стаяла пакорліва і пачціва перад дачкою і схіліла галаву, нібы жаласліва ўпрашаючы вызваліць яе ад новых дакораў.
— Чым вы жылі?
— Жабрацтвам, дарагая мая.
— І зладзействам?
— Часамі, Элі… патроху. Я старая і палахлівая. Іншы раз, любачка, я адбірала якую-небудзь дробязь у дзяцей, але не часта. Я цягалася па ваколіцах, любая, і ведаю тое, што ведаю. Я сачыла…
— Сачылі? — паўтарыла дачка, глянуўшы на яе.
— Я выгледжвала адну сям'ю, — сказала маці яшчэ больш спакойна і пакорліва.
— Якую сям'ю?
— Ціха, любачка! Не злуйцеся на мяне. Я гэта рабіла любячы вас. На ўспамін пра маю няшчасную дачку за акіянам!
Яна лісліва працягнула руку, пасля прыціснула яе да губ.
— Шмат гадоў назад, любачка, — прадаўжала яна, нясмела паглядаючы на ўважлівы і строгі твар, павернуты да яе, — я сустрэла выпадкова яго маленькую дачку.
— Чыю дачку?
— Не яго, Эліс, любая. Не пазірайце на мяне так. Не яго! Вы-ж ведаеце, у яго няма дзяцей.
— Дык чыю-ж, — запыталася дачка. — Вы сказалі — «яго».
— Ціха, Элі! Вы мяне палохаеце, любачка. Містэра Домбі — толькі містэра Домбі. З таго часу, дарагая, я іх часта бачыла. Я бачыла яго.
Праказаўшы гэта апошняе слова, старая скурчылася і адступілася, нібы спалохаўшыся, што дачка яе ўдарыць. Але хоць твар дачкі быў павернуты да яе і гарэў шалёным гневам, яна сядзела нерухома і толькі ўсё мацней і мацней прыціскала рукі да грудзей, нібы хацела іх стрымаць, каб не нарабіць шкоды сабе або іншым у сляпым парыве шаленства, якое раптам апанавала яе.
— А ён-жа і не падазраваў, хто я такая! — сказала старая, пагражаючы кулаком.