няма дома. Я хачу толькі ведаць, для ўласнага супакаення, што вы здаровы, і, не дакучаючы вам, напамінаць сваёй асобай, што ў вас ёсць сябра — немалады сябра, які пачаў уже сівець і хутка будзе зусім сівым, — сябра, які заўсёды гатоў вам служыць.
Мілы твар даверліва павярнуўся да яе. Яна дала згоду.
— Я думаю, як і ў мінулы раз, — устаючы, сказаў джэнтльмен, — што вы не маеце намеру паведамляць пра мой візіт Джону Каркеру баючыся, каб не засмуціць яго тым, што мне вядома яго гісторыя. Я гэтаму рад, бо гэта выходзіць са звычайнай каляі і… зноў прывычка! — усклікнуў джэнтльмен, нецярпліва абарваўшы фразу. — Як быццам няма лепшага шляху, як звычайная каляя!
Сказаўшы гэта ён павярнуўся да дзвярэй, вышаў з капелюшом у руцэ на ганачак і развітаўся з ёю з той бязмежнай пашанай, звязанай з непрытворным удзелам, які не даецца ніякім выхаваннем, не ўнушае недавер'я і можа зыходзіць толькі з чыстага сэрца.
Многа напоўзабытых пачуццяў абудзіла гэта наведванне ў душы сястры. Так даўно ніводзін госць не пераступаў парогу іх дома, так даўно ніводзін спачувальны голас не даходзіў да яе вушэй, як сумная музыка, што твар незнаёмага на працягу многіх гадзін стаяў у яе перад вачыма, калі яна сядзела з шыццём у руках ля акна, і ёй здавалася, што яна зноў і зноў чуе яго словы.
Разважаючы і працуючы, то прымушаючы сябе доўга займацца шыццём, то няўважліва апускаючы работу на калені, каб аддацца патоку думак, Херыет Каркер не заўважыла, як прамінулі гадзіны. Неба, яснае і чыстае раніцой, паступова ўкрылася хмарамі; усходзіўся рэзкі вецер, паліў дождж, і цёмны туман, спусціўшыся на далёкі горад, схаваў яго ад позірку чалавека.
У такія дні яна часта паглядала спачувальна на падарожнікаў, якія ішлі ў Лондан па вялікай дарозе міма яе дома, з параненымі нагамі і стомленыя, баязліва паглядаючы на велізарны горад наперадзе, нібы прадчуваючы, што там іх жабрацтва будзе толькі капляй у моры або пясчынкай на марскім беразе; яны ішлі дрыжучы, скурчыўшыся пад бязлітасным ветрам, і здавалася, што нават стыхіі іх адверглі.
Дзень за днём цягнуліся гэтыя пешаходы, але заўсёды, як ёй здавалася, у адным напрамку — заўсёды па дарозе да горада. Паглынутыя яго неабсяжнасцю, да якой прыцягвала іх жорсткая сіла, яны ніколі не варочаліся. Здабыча для больніц, могілак, турмаў, ракі, ліхаманкі, вар'яцтва, парока і смерці! Яны ішлі насустрач пачвары, што раўла ўдалечыні, і знікалі.
Выў калючы вецер, ішоў дождж і панура хмурыўся дзень, калі Херыет, адарваўшы позірк ад работы, якою доўга займалася з неаслабнай упартасцю, убачыла аднаго з гэтых падарожнікаў.