Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/312

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я ўпэўнен, — ласкава адказвае містэр Домбі, — што будучая місіс Домбі ацэніць вашу ўвагу, Каркер.

— А калі ёй належыць зрабіцца сёння раніцой місіс Домбі, сэр, — кажа маёр, паставіўшы на стол сваю кафейную чашку і зірнуўшы на гадзіннік, — нам даўно час ехаць!

І містэр Домбі, маёр Бегсток і містэр Каркер у калясцы едуць у царкву. Містэр Саундс, бідль, даўно ўжо падняўся са ступенек і стаіць з трохвуголкай у руцэ. Місіс Міф робіць кніксен і прапануе пасядзець у рызніцы[1]. Містэр Домбі лічыць за лепшае астацца ў царкве. Калі ён кідае позірк на арган, міс Токс хаваецца за пухлую нагу херувіма, які ўпрыгожвае помнік і які надзьмуў шчокі, як юны бог ветру. Капітан Катль, наадварот, устае і махае кручком у знак прывітання і заахвочання. Містэр Тутс, прыкрываючы рукою рот, гаворыць Пеўню, што джэнтльмен, што стаіць пасярэдзіне, той, што ў светлакарычневых штанах, бацька яго дамы сэрца. Певень хрыпла шэпча містэру Тутсу, што ён ніколі яшчэ не бачыў такога накрухмаленага хлапца, але што пры дапамозе навукі і аднаго ўдару, нанесенага ў жылет, ён можа сагнуць яго ўдвая.

Містэр Саундс і місіс Міф, стоячы непадалёку, пазіраюць на містэра Домбі, калі чуваць стук пад'язджаючага экіпажа, і містэр Саундс выходзіць, а місіс Міф, сустрэўшы позірк містэра Домбі, робіць кніксен і кажа яму, што, здаецца, прыехала яго «добрая лэдзі». Затым чуваць крокі і шэпт у дзвярах, і добрая лэдзі уваходзіць ганарлівым поступам.

Пакуты мінулай ночы не пакінулі на яе твары ніякага знаку; у ёй няма нічога ад той жанчыны, якая, стаўшы на калені, апусціла гарачую галаву на падушку дзяўчыны, якая спала.

Гэтая дзяўчына, ціхманая і цудоўная, знаходзіцца тут-жа, каля яе — вельмі рэзкі кантраст з ёй самой, пагардлівай і непакорлівай, а яна стаіць тут спакойная, статная, незразумелая, ззяючая і велічная, у росквіце прыгажосці і, аднак, у пагардзе і зневазе таго зачаравання, якое яна ўнушае.

Настае паўза, калі містэр Саундс ідзе нячутна ў рызніцу па папа і клерка. Тады місіс Ск'ютон звяртаецца да містэра Домбі, гаворачы больш выразна і ўцямліва, чым ёй уласціва, і ў той-жа час падыходзячы да Эдзіт.

— Дарагі мой Домбі, — гаворыць добрая матуля, — баюся, што мне ўсё-такі давядзецца расстацца з любай Фларэнс і згадзіцца, каб яна вярнулася дадому, як яна і думала. Пасля той страты, якая сёння мяне чакае, мой дарагі Домбі, я адчуваю, што ў мяне няхопіць бадзёрасці нават для яе.

— Ці не лепш ёй астацца з вамі? — супярэчыць жаніх.

— Не думаю, дарагі Домбі. Не, не думаю. Мне лепш пабыць адной. Да таго-ж мая любая Эдзіт будзе пасля звароту яе нату-


  1. Рызніца — пакой у царкве, дзе захоўваюцца царкоўныя рэчы і адзенне папоў.

308