Эдзіт Грэйнджэр змагалася са сваім трывожным духам, без слёз, без скарг, без сяброў, маўклівая, гордая.
Нарэшце, яна выпадкова дакранулася рукою да адчыненых дзвярэй, якія вялі ў пакой, дзе спала Фларэнс.
Яна ўздрыганулася, спынілася і зазірнула туды.
Там гарэў агонь, і яна ўбачыла Фларэнс, якая моцна спала ў росквіце нявіннасці і прыгажосці. Эдзіт затаіла дыханне і адчула, што яе цягне да яе.
Цягне бліжэй, бліжэй, яшчэ бліжэй. Нарэшце, яна падышла так блізка, што, нахіліўшыся, прыціснулася губамі да кволай ручкі, якая звісла з ложка, і асцярожна абвіла ёй сваю шыю. Слёзы пырснулі ў яе з вачэй ад гэтага дотыку, калі яна пала на калені і апусціла змучаную галаву і рассыпаныя валасы на падушку каля галавы Фларэнс.
Так правяла Эдзіт Грэйнджэр ноч перад вяселлем. Так застала яе сонца раніцой, у дзень вяселля.
РАЗДЗЕЛ ХХХІ
Вяселле.
Досвітак з яго халодным бледным тварам дрыжачы падкрадаецца да царквы, пад якою спачывае прах маленькага Поля і яго маці, і заглядае ў вокны. Холадна і цёмна. Ноч яшчэ прыпадае да каменных пліт і хмурыцца, панурая і цяжкая, у кутках і закутках будынка. Гадзіннік на званіцы, які ўзвышаецца над дамамі, вынырнуўшы з безлічных хваль у патоку часу, які набягае і разбіваецца аб вечны бераг, шарэе нібы каменны маяк, які сцеражэ марскі прыліў; у пачатку досвітак можа толькі цішком зазірнуць у царкву і пераканацца, што ноч яшчэ там.
Бездапаможна поўзаючы вакол царквы і заглядаючы ў вокны, досвітак стогне і плача аб сваім кароткачасовым панаванні, і слёзы яго струменяць па шыбах, а дрэвы ля царкоўнай агарожы схіляюць галовы і, спачуваючы, ломяць безлічныя свае рукі. Ноч, бляднеючы перад ім, непрыкметна пакідае царкву, але затрымліваецца пад скляпеннем, у скляпах, апускаецца на труны. Але вось прыходзіць светлы дзень, надаючы бляск гадзінніку на званіцы, афарбоўваючы шпіц у чырвоны колер, асушаючы слёзы досвітку, аглушаючы яго скаргі; а застрашаны досвітак, ідучы за ноччу і праганяючы яе з апошняга яе сховішча, сам залазіць у скляпы і хаваецца, са спалоханым тварам, сярод мерцвякоў, пакуль не вернецца адпачыўшая ноч і не прагоніць яго адтуль.
Мышы, якія займаліся маліцвенікамі больш старанна, чым іх уладальнікі, і маленькімі зубкамі нарабілі падушкам[1] больш
- ↑ Падушкі (у царкве) — іх падкладаюць пад калені, каб мякчэй было стаяць.