Сціснуўшы надзвычай горача абедзве рукі капітана, стары павярнуўся да Фларэнс, склаў яе рукі ў сваіх і паднёс іх да губ, пасля з вельмі дзіўнай паспешнасцю павёў яе да карэты. Наогул ён зрабіў такое моцнае ўражанне на капітана Катля, што той затрымаўся і загадаў Робу быць асабліва паслухмяным і ўважлівым да свайго гаспадара да заўтрашняй раніцы; сваё распараджэнне капітан падмацаваў выдачай шылінга і абяцаў яшчэ шэсць пенсаў да поўдня на другі дзень. Зрабіўшы гэтую добрую справу, капітан Катль, які лічыў сябе натуральным і законным ахоўнікам Фларэнс, узлез на козлы, вельмі добра разумеючы ўскладзеную на яго адказнасць, і праводзіў яе да дома. Развітваючыся, ён запэўніў яе, што будзе трымацца моцна, не адыходзячы ад Соля Джылса, і яшчэ раз запытаўся ў С'юзен Ніпер, бо не мог забыцца смелых яе слоў адносна місіс Мак-Стынджэр:
— Дык вы думаеце, што паказалі-б ёй, мілая?
РАЗДЗЕЛ XXIV
Клопаты сэрца, якое любіць.
Сэр Барнет і лэдзі Скетлс, надзвычайныя людзі, жылі ў Фулеме на беразе Темзы ў цудоўнай віле, якая была адной з самых зайздросных рэзідэнцый[1] у свеце, калі адбывалася спаборніцтва ў веславанні, але адрознівалася ў іншы час і некаторымі невыгадамі, да якіх можна аднесці выпадковае ўварванне ракі ў гасціную і часовае знікненне лужка і кустоў.
Сэр Барнет Скетлс падкрэсліваў значэнне ўласнай персоны галоўным чынам пры дапамозе старадаўняй залатой табакеркі і цяжкой шаўковай насавой хустачкі, якую ён унушальна даставаў з кішэні, як сцяг, і раскручваў абодвума рукамі. Мэта жыцця сэра Барнета заключалася ў тым, каб заўсёды расшыраць кола знаёмых.
Сэр Барнет ганарыўся тым, што знаёміў людзей з людзьмі. Ён любіў гэты занятак дзеля самога сябе, і да таго-ж ён садзейнічаў асноўнай яго мэце. Так, напрыклад, калі сэру Барнету ўдавалася захапіць якога-небудзь навічка або вясковага джэнтльмена і залучыць у сваю гасцінную вілу, сэр Барнет гаварыў яму раніцой, пасля прыезду: «Ну-с, дарагі мой сэр, ці не хочаце вы з кім-небудзь пазнаёміцца? Каго-б вы хацелі тут сустрэць? Можа вы цікавіцеся пісьменнікамі, жывапісцамі, скульптарамі, акторамі або кім-небудзь падобным да іх?» Здаралася, што пацыент адказваў сцвярджальна і называў асобу, якую сэр Барнет ведаў асабіста
- ↑ Рэзідэнцыя — месца пастаяннага знаходжання.