З гэтага ўзрушанага стану ён быў нечакана выведзен і вернуты на зямлю штуршком міс Ніпер, якая ўпіхнула яго ў краму.
— Дык вось вы як раскайваецеся! А місіс Рычардс мучылася з-за вас столькі месяцаў! — сказала С'юзен, уваходзячы ўслед за ім. — Дзе містэр Джылс?
Роб, кінуўшы абураны позірк на міс Ніпер, памякчэў убачыўшы ўвайшоўшую Фларэнс, паднёс суставы пальцаў да валасоў, вітаючы апошнюю, і сказаў, што містэра Джылса няма дома.
— Прывядзіце яго дадому, — тонам загаду сказала міс Ніпер, — і перадайце яму, што тут мая маладая лэдзі.
— Я не ведаю, куды ён пайшоў, — сказаў Роб.
— Дык вось як вы раскайваецеся? — усклікнула С'юзен з уедлівым дакорам.
— Ну як-жа я магу пайсці і прывесці яго, калі не ведаю, куды ісці? — захныкаў зацкаваны Роб. — Ці можна быць такой неразумнай!
— Містэр Джылс сказаў, калі ён вернецца? — запыталася Фларэнс.
— Так, міс, — адказаў Роб, зноў прыкладаючы суставы пальцаў да валасоў. — Ён сказаў, што будзе дома хутка пасля поўдня; гадзіны праз дзве, міс.
— Ён вельмі непакоіцца аб сваім племянніку? — запыталася С'юзен.
— Так, міс, — адазваўся Роб, лічачы лепш звяртацца да Фларэнс і пагарджаючы Ніпер. — Я-б сказаў, што ён непакоіцца, вельмі непакоіцца. Ён і чвэрці гадзіны не праводзіць дома, міс. Пяці хвілін не можа пасядзець на месцы. Ён сланяецца, як… ну зусім як брадзяга, — сказаў Роб, нахіліўшыся, каб паглядзець праз акно на галубоў, і ўжо быў паднёс пальцы да рота, збіраючыся свіснуць, але своечасова стрымаўся.
— Вы ведаеце сябра містэра Джылса, якога завуць капітан Катль? — запыталася Фларэнс пасля нядоўгага раздум'я.
— Таго, што з кручком, міс? — абазваўся Роб, красамоўна сагнуўшы левую руку. — Так, міс. Ён тут быў на трэці дзень гэтага тыдня.
— А з таго часу не бываў? — запыталася С'юзен.
— Не, міс, — адказаў Роб, па-ранейшаму звяртаючыся да Фларэнс.
— Магчыма, С'юзен, дзядзя Уолтэра пайшоў туды? — сказала Фларэнс, звяртаючыся да яе.
— Да капітана Катля, міс? — умяшаўся Роб. — Не, міс, ён не туды пайшоў. Ён загадаў перадаць капітану Катлю, калі той зойдзе, як ён здзіўлен, што капітана не было ўчора, і каб капітан Катль пачакаў, пакуль ён вернецца.
— Вы ведаеце, дзе жыве капітан Катль? — запыталася Фларэнс.