— Дома я і дваццаці разоў не быў з таго часу, як гэтыя птушкі завабілі мяне, — сказаў Роб, — а прайшло ўжо дзесяць месяцаў. Як-жа мне ісці дадому, калі ніхто не можа на мяне глядзець? Не магу зразумець, — сказаў Байлер, расплакаўшыся насур'ёз і выціраючы вочы адваротам курткі, — чаму я даўным-даўно не пайшоў і не ўтапіўся.
— Няма чаго сказаць, вось дык слаўны малады джэнтльмен! — сказаў містэр Каркер. — Для вас, прыяцель, каноплі пасеяны ўжо![1]
— Дапраўды, сэр, — адазваўся злашчасны Байлер, расплакаўшыся і зноў выціраючы слёзы адваротам курткі, — іншы раз мне ўсёроўна, нават калі-б яны выраслі. Усе мае пакуты пачаліся з адлыньвання, сэр; але што мне было рабіць, як не адлыньваць?
— Што рабіць? — паўтарыў містэр Каркер.
— Адлыньваць, сэр. Адлыньваць ад школы.
— Гэта значыць, вы рабілі выгляд, нібы ідзіцё туды, а на самай справе не ішлі? — сказаў містэр Каркер.
— Так, сэр; гэта і азначае, адлыньваць, сэр, — з вялікай скрухай адказваў былы Тачыльшчык. — Мяне ганялі па вуліцах, сэр, калі я туды ішоў, і лупцавалі, калі я туды прыходзіў. Вось я і адлыньваў, хаваўся, а з гэтага і пачалося.
— І вы гаворыце, — сказаў містэр Каркер, зноў схапіўшы яго за горла, прытрымліваючы на адлегласці выцягненай рукі і некалькі секунд разглядаючы яго моўчкі, — што шукаеце работы?
— Я вельмі-б дзякаваў, сэр, калі-б мяне ўзялі на спробу, — слабым голасам адказваў Роб.
Містэр Каркер-загадчык штурхнуў яго ў куток — хлопчык пакорліва падначаліўся, ледзь асмельваючыся дыхаць і не зводзячы вачэй з яго твара, — і пазваніў.
— Папрасіце містэра Джылса.
Містэр Перч быў занадта пачцівы, каб выказаць здзіўленне або звярнуць увагу на фігуру ў кутку, і дзядзька Соль з'явіўся адразу-ж.
— Містэр Джылс, — з усмешкай сказаў Каркер, — сядайце. Як маецеся? Спадзяюся, што здароўе па-ранейшаму добра?
— Дзякую вам, містэр Каркер, — адказаў дзядзька Соль, дастаючы бумажнік і працягваючы некалькі банкнотаў. — Ніякіх хвароб у мяне няма, апрача старасці. Дваццаць пяць, сэр.
— Вы пунктуальны і спраўны, містэр Джылс, як вашы хранометры. Зусім правільна.
— Па спіску я бачу, што пра «Сына і Наследніка» вестак не паступала, — сказаў дзядзька Соль, і голас у яго, заўсёды няцвёрды, задрыжэў мацней.
— Пра «Сына і Наследніка» ніякіх вестак не паступала, — адказаў Каркер. — Здаецца, надвор'е было дрэннае, містэр Джылс, і, напэўна, судно зышло з правільнага шляху.
- ↑ Намёк на тое, што Роба хутка павесяць на вяроўцы з канапель.