Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Уолтэр, — сказала яна, пазіраючы яму ў твар ласкавымі вачыма, — я, як і вы, спадзяюся на лепшую будучыню. Я буду маліцца аб гэтым і веру, што яна прыдзе. Гэты маленькі падарунак я падрыхтавала для Поля. Калі ласка, вазьміце яго разам з маёй любоўю і не глядзіце яго, пакуль не паедзеце. Не забывайцеся пра мяне. Вы сталі для мяне братам, любы Уолтэр!

Ён быў рад, што між імі з'явілася С'юзен Ніпер, інакш у Фларэнс мог-бы астацца сумны ўспамін пра яго. І ён быў рад, што яна больш не выглядала з акна карэты і толькі махала яму сваёй маленькай ручкай, пакуль ён мог яе бачыць.

Не гледзячы на яе просьбу, ён не ўтрымаўся і ў той-жа вечар, кладучыся спаць, раскруціў пакунак. І ў пакунку ён знайшоў маленькі кашалёк, а ў кашальку былі грошы.

Ва ўсім бляску ўстала раніцою сонца пасля звароту свайго з чужых краін, і разам з ім устаў і Уолтэр, каб упусціць капітана, які ўжо стаяў ля дзвярэй.

— Уольр, — сказаў капітан, калі яны селі за стол, — калі ваш дзядзька такі, якім я яго лічу, ён з прычыны гэтай падзеі дастане апошнюю бутэльку той мадэры.

— Не, Нэд! — запярэчыў стары. — Не! Я яе адкаркую, калі вернецца Уолтэр!

— Добра сказана! — усклікнуў капітан. — Слухайце яго!

— Там ляжыць яна, — прадаўжаў Соль Джылс, — у склепіку, зарослая пылам і павуціннем. І магчыма, і мы з вамі Нэд, зарасцём пылам і павуціннем, перш чым яна ўбачыць свет.

— Слухайце яго! — крыкнуў капітан. — Цудоўнае настаўленне! Уольр, мой хлопчык! Вырошчвайце смакоўніцу[1] так, як ёй належыць расці, а калі пастарэеце, будзеце сядзець у цяньку. Перагартайце… Аднак, — падумаўшы, сказаў капітан, — я не зусім упэўнены ў тым, дзе гэта можна знайсці, але калі знойдзеце — адзначце. Соль Джылс, валяйце далей!

— Але там або дзе-небудзь у іншым месцы яна праляжыць да таго часу, Нэд, пакуль Уолі не вернецца і не папросіць яе, — сказаў стары. — Вось і ўсё, што я хацеў сказаць.

— І надзвычай добра сказалі, — абазваўся капітан, — і калі мы трое не разап'ём гэтай бутэлькі ў кампаніі, я дазваляю вам абодвум выпіць маю частку!

Капітан баяўся астацца сам-на-сам з дзядзькам або пляменнікам; здавалася, ён лічыў, што адзіны яго шанс на бяспечнасць, — паколькі справа тычылася захавання прыстойнасці, — заключаецца ў тым, каб усе трое ўвесь час былі разам. Гэты жах, які перажываў капітан, прывёў да астраумных выхадак: калі Саламон пайшоў апранаць паліто, ён падбег да дзвярэй, нібы для таго, каб зірнуць на праязджаўшую незвычайную наёмную карэту, і выбег на вуліцу нібы з тае прычыны, што з суседняга


  1. Смакоўніца — пладовае дрэва; сушаныя плады смакоўніцы — інбір, вінная ягада.

195