Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/197

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вінны навучыцца размаўляць адзін з другім без вас, дарагі Уолтэр.

Сумны тон, якім яна сказала гэтыя апошнія словы, расчуліў Уолтэра больш, чым усё астатняе.

— Міс Фларэнс, — сказаў ён, стараючыся набыць тую бадзёрасць, якую захоўваў у часе размовы з дзядзькам, — дапраўды-ж, я ведаю не больш, чым дзядзя, як дзякаваць за такую дабрату. Але нарэшце, каб я здолеў гаварыць цэлую гадзіну, я толькі-б мог сказаць, што пазнаю вас у гэтым!

С'юзен Ніпер узялася за другую істужку капялюшыка і кіўнула акну ў столі ў знак ухвалы выказанага пачуцця.

— Ах, Уолтэр, — сказала Фларэнс, — але я хачу яшчэ што-колечы вам сказаць перад вашым ад'ездам, і, калі ласка, завіце мяне Фларэнс і не размаўляйце са мною, як з чужым чалавекам.

— Як з чужым чалавекам! — паўтарыў Уолтэр. — Не, я не мог-бы так гаварыць. У кожным разе я, зразумела, не мог-бы так адчуваць.

— Так, але гэтага мала, і я не гэта маю на ўвазе. Зразумейце, Уолтэр, дадала Фларэнс, заліваючыся слязмі, — ён быў вельмі прывязаны да вас і, паміраючы, сказаў, што любіць вас і сказаў: «Не забывайце Уолтэра!», і калі вы будзеце мне братам, Уолтэр, цяпер, калі ён памёр і ў мяне нікога не асталося на свеце, я буду вам сястрой да канца жыцця і буду думаць аб вас, як аб брату, дзе-б мы з вамі не былі!

І з мілым простадушшам яна працягнула яму абедзве рукі. Уолтэр узяў іх, нахіліўся і дакрануўся губамі да заплаканага твара, які не адхіліўся, не адвярнуўся, не пачырванеў пры гэтым, але быў павернут да яго даверліва і шчыра.

С'юзен Ніпер, якая ўзяла ў рот адразу абедзве істужкі капялюшыка і ў часе гэтай гутаркі выказала многія свае пачуцці акну ў столі, змяніла тэму, запытаўшыся, хто хоча малака, а хто цукру; атрымаўшы адказ на гэтыя пытанні, яна пачала разліваць чай. Усе чацвёра па-сяброўску селі за маленькі стол і пачалі піць чай пад зыркім наглядам гэтай маладой лэдзі.

Поўгадзіны таму назад Уолтэр нізавошта на свеце не асмеліўся-б назваць яе па імю. Але ён мог гэта зрабіць цяпер, калі яна папрасіла яго аб гэтым. Ён мог думаць пра яе прысутнасць тут без патаемных асцярог, што, бадай, лепш было-б не прыходзіць. Ён мог спакойна думаць аб тым, якая яна прыгожая, якая чароўная і які надзейны прытулак знойдзе ў яе сэрцы які-небудзь шчаслівец.

Нейкая чараўнічая сіла кіравала рукамі С'юзен Ніпер, якая разлівала чай і параджала той дух супакаення, які панаваў у задняй гасцінай, калі пілі чай.

У часе развітання, Фларэнс коратка паўтарыла старому ўсё, што гаварыла раней, і ўзяла ад яго клятву захоўваць дагавор. Дзядзька Соль любоўна праводзіў яе да ног Драўлянага Мічмана

193