Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Але я, бачыце, адстаў ад века, — сказаў ён у сваё апраўданне, нервова праводзячы рукой зверху ўніз па раду бліскучых гузікаў на сваім сурдуце, а пасля знізу ўверх, нібы гэта былі чоткі, якія ён перабіраў. — І я палічыў-бы за лепшае, каб мой любы хлопчык астаўся тут. Напэўна, гэта старамоднае жаданне. Ён заўсёды любіў мора. Ён… — і стары дапытліва паглядзеў на Уолтэра, — ён рад, што едзе.

— Дзядзя Соль! — шпарка сказаў Уолтэр. — Калі вы так гаворыце, я не паеду. Так, капітан Катль, я не паеду! Калі дзядзя думае, што я магу радавацца з прычыны разлукі з ім, каб нават быў выпадак мне зрабіцца губернатарам усіх астравоў у Вест-Індыі, гэтага дастаткова. Я не крануся з месца.

— Уольр, мой хлопчык, — сказаў капітан, — супакойся! Соль Джылс, звярніце ўвагу на вашага пляменніка!

Прасачыўшы позіркам за велічным узмахам капітанскага кручка, стары паглядзеў на Уолтэра.

— Нэд, — сказаў стары, прыцягваючы да сябе Уолтэра і пяшчотна беручы яго пад руку, — я ведаю. Ведаю! Зразумела, я ведаю, што Уолі заўсёды думае пра мяне больш, чым пра сябе. Вось што ў мяне ў галаве. Калі я кажу — ён рад паездцы, гэта значыць — я спадзяюся, што ён рад. А? Паслухайце, Нэд, і вы таксама, Уолі, любы мой, для мяне гэта навіна і нечаканасць, думаю, усяму прычынай тое, што я бедны і адстаў ад века. Скажыце-ж мне, што для яго гэта сапраўды вялікая ўдача? — прадаўжаў стары, трывожна пазіраючы то на аднаго, то на другога. — Усур'ёз і напраўду? Ці так гэта? Я магу пагадзіцца з чым хочаш, калі гэта для выгоды Уолі, але не хачу, каб Уолі рабіў дрэнна для сябе дзеля мяне або таіўся ў чым-небудзь ад мяне, Нэд Катль! — сказаў стары, пазіраючы ў вочы капітана, к яўнаму замяшанню гэтага дыпламата. — Ці сумленна вы гаворыце са сваім старым другам? Кажыце, Нэд Катль. Магчыма, за гэтым штосьці затоена? Ці варта яму ехаць? Адкуль вы гэта ведаеце і чаму?

З прычыны таго, што адбывалася спаборніцтва ў любові і самаадрачэнні, Уолтэр, каб заспакоіць капітана, умяшаўся, дасягнуўшы некаторых вынікаў; удвух гаворачы бесперастанку, яны больш або менш прымірылі старога Соля Джылса з гэтым праектам або, правільней, да таго збілі яго з толку, што ўсё, і нават пакутлівая разлука, паказвалася яму ў тумане.

У яго было мала часу пра гэта думаць, бо на другі-ж дзень Уолтэр атрымаў ад містэра Каркера-загадчыка загад аб ад'ездзе і абмундзіраванні, а таксама даведаўся, што «Сын і Наследнік» адплывае праз два тыдні або, можа, на дзень-два пазней. У мітусні, выкліканай падрыхтаваннямі, якую Уолтэр наўмысна стараўся павялічыць, стары страціў апошняе самаўладанне: дзень ад'езду хутка набліжаўся.

Капітан, які не пакідаў знаёміцца з усімі падзеямі, што-

170