іншаму, што дасць шэсць ачкоў парламенту і пераможа яго. Двойчы вылятаў гэты чалавек за борт — і яму хоць-бы што! Калі ён быў у вучэнні, яго тры тыдні (з перапынкамі) білі па галаве жалезным балтом. А ўсё-ж такі не хадзіў яшчэ па зямлі чалавек з больш ясным розумам.
Не гледзячы на сваю пашану да капітана Катля, Уолтэр у душы не мог не радавацца адсутнасці гэтага мудраца і не пажадаць ад усёй душы, каб гэты светлы розум не быў прыцягнуты да вырашэння яго цяжкасцей, пакуль яны не будуць канчаткова ўладжаны.
— Як яго завуць, капітан Катль? — запытаўся Уолтэр, вырашыўшы зацікавіцца сябрам капітана.
— Завуць яго Бансбі, — сказаў капітан. — Але ён мог-бы насіць імя якое хочаш, з такой галавой, як у яго!
Дакладны сэнс, які капітан укладаў у гэтую апошнюю пахвалу, ён не стаў растлумачваць, ды і Уолтэр не спрабаваў яго адкрыць, бо ён неўзабаве выявіў, што капітана зноў апанавала ранейшая глыбокадумная развага і хоць ён пазірае на яго пільна з-пад калматых брывей, але, напэўна, не бачыць яго і не чуе, ахоплены задуменнем.
Сапраўды, капітан Катль распрацоўваў такія грандыёзныя планы, што зусім не будучы на мялі, вышаў хутка ў глыбокія воды і не мог намацаць дна сваёй праніклівасці.
Паступова капітану стала зусім ясна, што адбылася нейкая памылка; што бясспрэчна памылку дапусціў хутчэй Уолтэр, чым ён; што калі і ёсць нейкі праект, звязаны з Вест-Індыяй, то ён нічога агульнага не мае з меркаваннямі Уолтэра, маладога і лёгкадумнага, і можа быць толькі новым сродкам для хутчэйшага ўладжання яго шчасця. «Калі і ўзнікла паміж імі якое- небудзь малейшае непаразуменне, — думаў капітан, маючы на ўвазе Уолтэра і містэра Домбі, — то досыць аднаго слова, своечасова сказанага сябрам абодвух бакоў, каб усё ўладзіць, загладзіць і зноў прывесці ў поўную спраўнасць». З гэтых меркаванняў капітан Катль зрабіў наступны вывад: з тае прычыны, што ён ужо мае прыемнасць ведаць містэра Домбі, правёўшы з ім вельмі прыемную поўгадзіну ў Брайтоне (той раніцай, калі яны пазычылі грошы), то абавязак дружбы дыктуе яму, не кажучы ні слова цяпер пра гэта Ўолтэру, проста зайсці да містэра Домбі, сказаць слузе: «Будзьце ласкавы, прыяцель, далажыць, што прышоў капітан Катль», з поўным давер'ем сустрэць містэра Домбі, зачапіць яго кручком за пятлю, аб усім перагаварыць, усё ўладзіць і пайсці назад з трыўмфам!
Калі гэтыя меркаванні прамільгнулі ў капітана і паступова набылі форму, фізіяномія яго праяснілася, як хмурная раніца, якая саступае месца сонечнаму поўдню.
Нарэшце, капітан кінуў грызці ногці і сказаў:
— Цяпер, Уольр, мой хлопчык, дапамажыце мне напяліць гэта абмундзіраванне.