Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Містэр Тутс неадкладна скінуў ярмо нявольніцтва, адзеў кальцо і неўзабаве пасля гэтага, упамянуўшы ў выпадковай размове пра доктара, назваў яго «Блімбер»! Такая вольнасць выклікала ў старэйшых вучняў пачуццё захаплення і зайздрасці; але больш юныя розумы былі запалоханы і як быццам здзіўляліся, што столь не абвалілася і не раздушыла яго.

Як у часе снедання, так і ў часе абеду не было зроблена ніводнага намёку на вячэрнюю цырамонію, але ў доме ўвесь дзень была мітусня, і ў часе сваіх вандраванняў Поль пазнаёміўся са шматлікімі дзіўнымі лаўкамі і падсвечнікамі і сустрэўся з арфай у зялёным паліто, што стаяла на пляцоўцы перад дзвярыма гасцінай. А ў часе абеду галава місіс Блімбер мела нейкі дзіўны выгляд, нібы на ёй былі вельмі туга закручаны валасы; і хоць на абодвух вісках міс Блімбер. красаваліся пучкі заплеценых у касу валасоў, яе ўласныя кудры пад імі былі нібы закручаны ў паперу і ў дадатак у тэатральную афішу, бо над адным шклом яе бліскаючых акуляраў Поль прачытаў: «Каралеўскі тэатр», а над другім: «Брайтон».

Пад вечар у дартуарах юных джэнтльменаў быў грандыёзны парад белых жылетаў і гальштукаў і так патыхала гарэлымі валасамі, што доктар Блімбер паслаў наверх лакея з прывітаннем і захацеў даведацца, ці не пажар у доме. Але на самай справе гэта цырульнік завіваў маладых джэнтльменаў і ў вялікай стараннасці вельмі нагрэў шчыпцы.

Калі Поль апрануўся — што было зроблена хутка, бо ён адчуваў недамаганне і санлівасць і не мог займацца гэтым надта доўга, — ён спусціўся ў гасціную, дзе застаў доктара Блімбера, які хадзіў па пакоі, у вячэрнім касцюме, але з такім велічным і абыякавым выглядам, нібы дапускаў простую магчымасць, што можа здарыцца да яго хто-небудзь загляне. Пасля з'явілася місіс Блімбер, чароўная, на погляд Поля; яна адзела такое мноства спадніц, што трэба было зрабіць цэлую экскурсію, каб абыйсці вакол яе. Міс Блімбер спусцілася неўзабаве пасля сваёй матулі, бязмерна пераціснутая, але прыгожая.

Услед за імі прыбылі містэр Тутс і містэр Фідэр. Кожны з гэтых джэнтльменаў трымаў у руцэ свой капялюш, нібы жыў дзе-небудзь у іншым месцы; а калі дварэцкі далажыў аб іх, доктар Блімбер сказаў: «А-а-а! Ах, божа мой!» і, здавалася, быў надзвычай рад іх бачыць. Містэр Тутс пабліскваў каштоўнымі каменнямі і гузікамі і надаваў такое значэнне гэтай акалічнасці, што, паціснуўшы руку доктару і пакланіўшыся місіс Блімбер і міс Блімбер, адвёў Поля ў бок і запытаўся:

— Што вы пра гэта думаеце, Домбі?

Але, не гледзячы на такую скромную ўпэўненасць у сабе, містэр Тутс, здавалася, быў у нерашучасці з прычыны таго, варта зашпіліць ніжні гузік жылета ці не, пры спакойным уліку ўсіх абставін, закасаць ці выпраміць манжэты. Заўва-

147