метам «Б», пасля якога ён яшчэ да абеду перайшоў да «В» і нават да «Г». Цяжкая была справа аднавіць заняткі хутка пасля абеду, і ён адчуваў сябе дрэнна, кружылася галава, спаць хацелася і быў стомлены. Але — калі толькі ёсць у гэтым якое-небудзь уцяшэнне — усе іншыя маладыя джэнтльмены таксама дрэнна сябе адчувалі і таксама былі прымушаны аднавіць заняткі. Дзіўна, што вялікі гадзіннік у вестыбюлі, замест таго, каб паўтараць сваё першае пытанне, ніколі не агалашаў: «Джэнтльмены, цяпер мы адновім нашы заняткі», хоць гэтая фраза паўтаралася досыць часта па суседству з імі.
Пасля чаю пры свечках узяліся за пісьмовыя практыкаванні і падрыхтаванне ўрокаў на заўтрашні дзень і ў вызначаную гадзіну ляглі ў пасцель, дзе чакаў адпачынак і прыемнае забыццё, калі-б толькі аднаўленне заняткаў не ўрывалася і ў сны.
О, суботы! Шчаслівыя суботы, калі Фларэнс прыходзіла ў поўдзень і нізавошта не хацела астацца дома, якое ні было-б надвор'е, хоць місіс Піпчын злавала, бурчэла і люта яе мучыла.
Нават нядзельныя вечары — пакутлівыя нядзельныя вечары, чый цень засмучаў першыя проблескі світання ў нядзельныя раніцы, — не маглі сапсаваць гэтых цудоўных субот. Ці то быў марскі бераг, дзе яны сядзелі і гулялі разам, ці сумны задні пакой у місіс Піпчын, дзе Фларэнс ціха напявала яму, у той час як яго сонная галава ляжала ў яе на плячы, Полю было ўсёроўна. З ім была Фларэнс. Больш ён ні аб чым не думаў. Таму ў нядзельныя вечары, калі змрочныя дзверы доктара расчыняліся, каб зноў паглынуць яго на тыдзень, надыходзіла хвіліна развітання з Фларэнс — больш ні з кім.
Міс Уікем была адаслана дадому, у Лондан, і прыехала міс Ніпер, цяпер бойкая маладая жанчына. Шмат паядынкаў з місіс Піпчын вытрымала міс Ніпер; і калі хоць раз у сваім жыцці місіс Піпчын знайшла каго-небудзь, роўнага сабе, дык гэта ў сучасны момант. Міс Ніпер уступіла ў бой з першай-жа раніцы, калі прачнулася ў доме місіс Піпчын. Яна не прасіла і не давала літасці. Яна сказала: быць вайне, і пачалася вайна; і з таго, часу місіс Піпчын жыла пад пагрозай раптоўных нападаў, вылазак, наскокаў і бязладных атак, якія абрушваліся на яе з карыдора нават у бясклопатную гадзіну адбіўных катлет і атручвалі ёй тосты.
Неяк у нядзельны вечар, калі міс Ніпер з Фларэнс, правёўшы Поля да доктара, вярнуліся дадому, Фларэнс дастала з-за карсажа шматок паперы, на якім ёю было запісана алоўкам некалькі слоў.
— Глядзіце, С'юзен, — сказала яна, — вось назвы тых кніжак, якія Поль прыносіць сюды, каб пісаць гэтыя доўгія практыкаванні, калі ён такі стомлены. Я іх спісала ўчора ўвечары, пакуль ён працаваў.