З рынку.
(Апавяданьне).
— Мака-ар?… Ого-го-го!… Здароў, братка…
І ты тут… Чаго, а?…
— Здароў, Язэп… Па справах і я… А як у цябе з кабылай?… Прывёў?… За сколькі?…
— Прывесьці — прывёў… Хочу — шэсьцьдзясят!..
— Н…
— Не даюць, хвароба на іх!…
„Сорак бяры“!…
— А-а… Шкада… Гэта шкада!… Ну, дык ты-б…
Двое дзядзькоў размаўлялі б так яшчэ, мусіць, гадзіны з паўтары, каб не аглабля, моцна садануўшая Язэпа „пад мікіткі“.
— Куды прэш, гадаў ё?… Га?…
Кінуў пакрыўджаны Язэп уздагон вялікім палазам Магілёўскага Ц. Р. К.
Але тыя даўно ўжо завярнулі за вугол і зьніклі ў грукаце вуліцы…
Дзень быў сьвяточны.
Рынак галдзеў, бубніў і пляваўся самым рознастайным гоманам.
Гандляркі ў замусоленых кажушкох сядзелі каля кошыкаў з мёрзлымі яблыкамі і дрыжучы грэлі рукі на гаршэчках з жаркім вугальлем.
Нейкія „супчыкі“ хадзілі з нізкамі валенкаў паміж розвальняў і голасна размалёўвалі якасьці свайго цёплага, таннага „цёплага, таннага і носкага“ дабра…
Чырвона-жоўтыя бабскія хусткі зусім натуральна мяшаліся з аўчынкавымі шапкамі мужчын. Халодны ветрык аднолькава ахвотна забіраўся і пад адны, і пад другія…
І было весела яму, буянаму, разнасіць над базарнай плошчай сьвежасьць марознага раньня…
— У мяне, Язэп, таксама тавар ёсьць…
Падумаўшы выклаў, як патаемную думку, Макар…
— А які?…
— Хамуты, вось, значыць… Андрэй што рабіў…
— Сапраўды… А добрыя хамуты! Пакаж, пакаж бліжэй!…
Макар падняў пасьцілку.
Тры хамуты, старанна абробленыя старшым сынам Макара, Андрэем Сіваковым, яшчэ задоўга да каляд, — блішчэлі на санках новай кожай і бляшкамі.
І, гледзячы на іх, Макар зараз мімавольна ўспомніў Андрэя, крукам сядзеўшага над імі некалькі тыдняў, уночы, прыбрудным асьвятленьні капцілкі.
— Нешта… Шкада, нават!… Працы шмат пайшло…
Буркнуў Макар з уздыхам…