Перайсці да зместу

Старонка:Дзядзька Голад (1911).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Грышка рад, злез і цягу дамоў. Бабы і дзеці разыйшліся. Голад астаўся сам і задумаўся. Шкада яму было і Грышку і другіх дзяцей, але маўчыць. Чэкае, пакуль зусім не дасьпеюць яблыкі. Як сталі ўжо яны мягкіе, смашные, а вырасьлі як кулак, проста золата: адзін бок чырвоненькі, а другі жоўценькі, ды салодкіе, як мёд, — сабраў тады іх Голад і прынёс у хату. А пах ад іх такі пайшоў, што, ідучы па вуліцы, так і хацелася папрабаваць яблыка, — ажно слінка бегла. Жонкі і дзеці так і пагледалі на хату Голада.

А ён наклаў у кашолку гэтых пекных яблык і пайшоў па вёсцы. Раздае бабам, раздае дзецям, а перш-на-перш дае Грышцы; дае і жыдам і цыганам, што яго абступілі, — адным словам, дае ўсім, — шчыры быў старык.

Прыйшла другая восень, яблыкі зарадзілі, што Божэ мой! — а Голад усё Голадам: быў старцэм і астаўся старцэм. Толькі уцехі, што з яблыкоў! Сам з‘есьць і людзей надзеліць.

III.

Неяк аднэй восені крэпка занядужаў небарака. Пачало дзёрці ў грудзёх. Ляжыць сабе на пасьцелі, праз вакно любуецца яблычкамі, што як сьвечкі зіхацяць між лісьця, ды думае: „з’еўбы адно, каб смагу прагнаць, але ня здужаю ўзлезьці“.