Гэта старонка не была вычытаная
Ёсьць гакаў на рэчцы багата,
А ёсьць і адзін астравок, —
На ім лясьніковая хата,
Як баечны нейкі куток…
Лазьняк і даўгія чароты
Хаваюць яго ад вачэй…
Здаецца, там дрыгвы, балоты,
І Нёман тут круціць байчэй.
Сьпяшаецца чоўн незнаёмы
Той востраў хутчэй абмінуць,
Каб часам ў віры-вадаёме
Дрыгвянай вады ня глынуць.
Дык мала хто ведае сьцежку
Да Броніка ў дзіўны куток;
Ня кожны там знойдзе начлежку,
Патрапіць на той астравок.
Праз лапіны буйнай парэчкі,
Што мурам ад дрыгвы расла,
Хаваючысь, сьцежка прасечкай,
Як лесам, да хаты вяла.