Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хлапец, гледзячы проста перад сабою; — ці вы не беларус, што пытаецеся?

— Беларус — адказаў Абдзіраловіч роўна і проста, але з дробачкай спагаднага сьмеху.

— А калі беларус, дык скажыце-ж вы мне: што вы робіце, каб адрадзіць нашую няшчасную бацькаўшчыну?

Абдзіраловіч няўмысьля усьміхнуўся, але зьдзержыўся і спытаў у вучня:

— Вы кажаце ўжо каторы раз аб адраджэньню. Шго гэта вы хочаце тым словам сказаць?.

— Аб ім вы лепей даведаецеся з беларускай літэратуры, чымся ад мяне, — сказаў хлапец няпрыхільна, думаў ужо, што перад ім вораг; а вы мне, аднак-жа, адкажыце, што вы робіце для бацькаўшчыны, для маткі-Беларусі?

Абдзіраловіч ізноў няўмысьля, але дужэй засьмяяўся і ня мог зьдзержыцца, хоць пасля і ўцяміў, што пакрыўдзіць хлапца, і ня сур‘ёзна, як ужо пайшло адразу, сьмяючыся сказаў:

— Бацькаўшчына — матка Беларусь? Ха-ха! Выбачайце, паночку, але мая бацькаўшчына — уся Расія.

— А! Так! — раптам выскачыў хлапец з калёс. — Ну, дык мне не па дарозе з рэнэгатам, — сказаў і ня глянуўшы назад, пайшоў пехатою па сьцежачцы збоку дарогі, пад бярозамі.