другога. Дзеці крычалі: «Мама, мама!» Яна крычала: «Дзеткі мае!» Маці забілі, а дзяцей павялі. Я сам бачыў. О, божа мой!.. Усіх пазабівалі і пайшлі задаволеныя: зрабілі сваю справу. Дзяцей забралі, матку забілі… Але-ж яна жывая? Жывая? Так? Хочаш, мы паможам табе перанесці яе ў тваю зямлянку?
Тэльмарш кіўнуў галавой.
Лес падыходзіў да самай фермы. Яны хутка змайстравалі з тоўстага галля і папараці насілкі, палажылі на іх жанчыну, усё яшчэ не выяўляючую адзнакаў жыцця, і пайшлі. Два селяніна неслі насілкі, а Тэльмарш ішоў збоку, трымаючы жанчыну за руку і слухаючы яе пульс. Месяц асвятляў яе бледны твар. Сяляне крочылі па дарозе, абменьваючыся адрывістымі заўвагамі.
— Усіх пазабівалі!
— Усё спалілі!
— Ах, божа мой, што-ж цяпер будзе?
— Гэта той высокі стары загадаў.
— Так, гэта ён камандаваў.
— Ён усё і зрабіў.
— Так, ён сказаў: «Забівайце! Паліце! Не давайце літасці!»
— Кажуць, гэта нейкі маркіз.
— Дык гэта-ж наш маркіз.
— А як ято завуць?
— Маркіз дэ-Лантэнак.
Тэльмарш узняў вочы да неба і прамармытаў скрозь зубы:
— Каб я ведаў!