— Усе дасканала.
— А назвы іх ведаеш?
— Я тут ведаю ўсё — і лясы, і вёскі, і назвы.
— Нічога не забудзеш?
— Нічога.
— Добра. Слухай-жа ўважліва… Колькі можаш ты прайсці за дзень?
— Дзесяць, пятнаццаць, восемнаццаць лье[1]. Дваццаць, калі трэба будзе.
— Так, трэба будзе. Цяпер глядзі, не прапусці ніводнага слова з таго, што я табе скажу. Ты пойдзеш у лес Сент-Обэн.
— Што пад Ламбалем?
— Так. Там на беразе яра ты ўбачыш вялікае дрэва — каштан. Стань пад гэтым дрэвам. Падай сігнал. Ведаеш, які?
Гальмало надзьмуў шчокі, павярнуўся к мору і закрычаў па-савінаму. Вышла надзвычайна падобна. Кожны сказаў-бы, што гэта сава крычыць у начной цемры: был нешта злавеснае ў гэтым крыку.
— Добра, — сказаў стары і падаў Гальмало свой зялёны шаўковы бант. — Вось мая какарда. Вазьмі яе. Важна, каб пакуль ніхто не ведаў майго імя. Але досыць будзе і гэтай какарды. Лілія на ёй вышыта яе каралеўскім высочаствам у цямніцы Тампля.
Гальмало апусціўся на адно калена. З набожным трапятаннем прыняў ён з рук старога свяшчэнную какарду і паднёс яе да губ, але раптам, нібы спалохаўшыся сваёй смеласці, падняў галаву і боязна спытаўся:
— Можна мне пацалаваць яе?
- ↑ Лье — даўнейшая французская мера даўжыні, каля 4 кілометраў.