— Ні тое, ні другое, — адказаў стары. — Мы разыйдземся ў розныя бакі. Усёроўна ты для мяне не абаронца. Іншая справа, каб нас была тысяча. А так — лепш ужо быць аднаму.
Ён дастаў з кішэні бант з зялёнага шоўку з вышытай пасярэдзіне залатой ліліяй, вельмі падобны на какарду, і спытаўся:
— Ты ўмееш чытаць?
— Не.
— Гэта добра. Пісьменны чалавек часта бывае перашкодай. А памяць у цябе добрая?
— Але.
— Вельмі добра. Слухай-жа, Гальмало. Ты пойдзеш направа, я — налева. Ты завернешся к Фужэру, я — к Базужу. Мяшка не кідай: ён надае табе падабенства з селянінам. Зброю схавай. Выцягні сабе кій з якога- небудзь плоту. Дзе можна, паўзі. Цяпер жыта высокае. Унікай дарог і мастоў. Трымайся бліжэй да плотаў і далей ад прахожых. Дзе можна, ідзі напрамік праз палі. У Панторсен не заходзь… Ах, так, табе яшчэ прыдзецца перабрацца праз Куэнон, Як ты перабярэшся?
— Пераплыву.
— Добра. Ды там ёсць і брод. Ты ведаеш, у якім месцы?
— Паміж Ансэ і В'е-В'ёлем.
— Верна. Я бачу, ты сапраўды ведаеш гэтыя месцы.
— Перш чым зрабіцца матросам, я быў селянінам.
— Кінь сваю матроскую шапку, яна можа выдаць цябе. Дзе-небудзь дастанеш сялянскі капялюш.
— О, такую рэч заўсёды можна дастаць. Першы сустрэчны рыбак прадасць мне свой.
— Вельмі добра. Цяпер слухай далей. Ты ведаеш тутэйшыя лясы?