— У такім разе будзьце ласкавы даць загад, — сказаў Буабертло.
— Гэтае права належыць вам, а не мне. Вы — капітан.
— Але вы — генерал, — адказаў Буабертло.
Стары глянуў на кананіра.
— Падыйдзі сюды, — загадаў ён.
Кананір ступіў крок наперад.
Стары павярнуўся да графа, зняў у яго з грудзей ордэн святога Людовіка і прышпіліў яго да курткі кананіра.
— Ура! закрычалі матросы.
Салдаты марской пяхоты ўзялі на-караул.
Тады пасажыр, паказваючы пальцам на ашалелага ад радасці кананіра, сказаў:
— А цяпер расстраляць яго.
Крыкі захаплення замерлі ў паветры. Усе здрантвелі.
Сярод магільнай цішыні ўзняўся гучны голас старога:
— Нядбайнасць гэтага чалавека ледзь не загубіла судна. Магчыма нават, што яго ўжо нельга выратаваць. Быць у моры — азначае змагацца з ворагам. Карабль, што выконвае марскі пераход, — усёроўна, што армія ў бойцы. Мора — суцэльная засада. Кожная хіба перад ворагам — караецца смерцю. Зробленую памылку паправіць нельга. Мужнасць павінна быць узнагароджана, нядбайнасць павінна быць пакарана.
Словы гэтыя падалі адно за другім, павольна, урачыста, з няўмольнай мернасцю, як удары сякеры па дубу.
І, глянуўшы на салдат, стары дадаў:
— Выканаць прыгавар!
Чалавек з ордэнам святога Людовіка на грудзях апусціў галаву…