больш, чым можа ён хацеў-бы. Ён прыціснуў да вачэй кулакі, як гэта часта робяць дзеці, і хвіліну прастаяў нерухома. Потым апусціўся на калені, ціханька ўзяў руку спячага і паднёс да сваіх вуснаў.
Говэн паварушыўся і расплюшчыў вочы з несвядомым здзіўленнем раптоўна пабуджанага чалавека. Ліхтар слаба асвятляў камеру. Говэн пазнаў Сімурдэна.
— Ах, гэта вы, настаўнік!
І пасля мінутнай паўзы дадаў:
— Я толькі што сніў, што смерць цалуе мне руку.
Сімурдэна ўсяго ўскаланула ад раптоўнага наплыву думак. Гэтая хваля думак іншы раз настолькі высокая і налятае так бурна, што здаецца, вось-вось залье душу. Але нішто не вырвалася з перапоўненага сэрца Сімурдэна. Ён толькі прамовіў: «Говэн».
Яны глядзелі адзін на аднаго. Вочы Сімурдэна гарэлі тым хмурым агнём безвыходнай тугі, ад якога высыхаюць слёзы. Вочы Говэна лагодна ўсміхнуліся. Ён прыўзняўся на локце і загаварыў: — Я ўсё гляджу на гэты рубец на вашым твары, мой дарагі настаўнік, — на гэты след шаблі, які вы атрымалі праз мяне. Ды і потым… Не далей, як учора, вы біліся побач са мной. Дзеля мяне, баючыся за мяне, вы ўмяшаліся ў бойку. Дзякуючы вам я існую. Я быў толькі панам — вы зрабілі з мяне грамадзяніна. Я быў-бы простым грамадзянінам, каб вы не выхавалі з мяне мыслячага чалавека. Каб я мог уступіць у жыццё ўзброеным, вы далі мне ключ да ісціны, да святла. О, дарагі мой настаўнік! Дзякую вам, дзякую! Вы стварылі мяне.
Сімурдэн прысеў каля яго на салому і сказаў:
— Я прышоў павячэраць з табой.
Говэн разламаў папалам скібу чорнага хлеба і працягнуў яму палавіну, потым падаў яму кубак з вадой.