Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/298

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

КНІГА ЧАЦВЕРТАЯ


ВЫРАТАВАННЕ

ЗНОЙДЗЕНЫЯ, АЛЕ ЗГУБЛЕНЫЯ

У тую мінуту, калі Мішэль Флешар убачыла вежу ў залатых праменнях заходзячага сонца, яна была ад яе на адлегласці амаль паўтары мілі. Але адлегласць не спыніла яе. Жанчыны слабыя, але мацеры дужыя. Мішэль Флешар пайшла далей.

Сонца села. Надышоў змрок, потым поўная цемра. Ідучы далей, яна чула, як недзе далёка, на нябачнай званіцы, прабіла восем, потым дзевяць гадзін.

Яна ішла ўсё прама наперад, ступаючы па купінах і па калючках цярноўніка скрываўленымі нагамі. Ішла на слабае святло, якое было відаць з байніц вежы. Чым ярчэй бліскала святло ў байніцах вежы, тым мацней быў адначасовы гул. Абшырнае плато, па якім ішла Мішэль Флешар, усё зарасло верасам і травой. Навакол не было відаць ні дрэў, ні жылля. Дарога падымалася на гару, і недзе далёка яе даўгая, прамая і жорсткая лінія ўпіралася ў край цёмнага, усеянага зоркамі небасхіла. Мішэль наўрад ці вытрымала-б гэты пераход, каб перад яе вачыма не было гэтай вежы, якая прыцягвала яе да сябе. І гэтая вежа ўсё расла.

Бледныя водбліскі святла і глухія ўдары чаргаваліся.