Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Камітэт грамадскай бяспекі злучаўся непасрэдна з Камітэтам грамадскага ратавання цёмным калідорам, які і ўдзень і ўначы асвятляўся ліхтаром. Шпіёны ўсіх партый вечна шмыгалі па гэтым калідоры. Тут гаварылі паціху.

Крэслы прадстаўнікоў выканаўчай улады часта перамяшчаліся. Звычайна яны стаялі направа ад старшыні.

Між двума вертыкальнымі перагародкамі, што замыкалі справа і злева канцэнтрычныя поўкругі амфітэатра, і сцяной заставаліся два вузкія, цёмныя праходы з нізенькімі дзверкамі на канцах. Публіка ўваходзіла і выходзіла праз гэтыя дзверкі.

Дэпутаты выходзілі праз галоўныя дзверы проста з тэрасы Фельянаў.

Зал Канвента з вузкімі вокнамі слаба асвятляўся нават удзень і з надыходам змроку, пры бледным святле свечак, рабіў хмурнае ўражанне. Гэты поўзмрок толькі падкрэсліваў цемру ночы; паседжанні Канвента пры лямпах мелі невясёлы выгляд. Людзі не бачылі адзін аднаго. У зале сварыліся адзін з адным цені з белымі плямамі замест твараў.

Як гэта не дзіўна, але і ў Канвенце былі прывілеяваныя наведвальнікі; для іх былі адведзены дзве трыбуны — направа і налева ад старшыні, куды публіку не пускалі. Толькі гэтыя дзве трыбуны мелі драпіроўкі, падобраныя пасярэдзіне шнуркамі з залатымі кутасамі. Трыбуны для народу не мелі ніякіх драпіровак.

Усё разам насіла адбітак чагосьці няўхільна правільнага. То была мешаніна стрыманасці і лютасці. Магчыма, у гэтым выяўляўся ўвесь характар рэволюцыі.

Апрача сваіх палітычных бур, зал Канвента прыводзіў у жах ужо адной сваёй архітэктурай. На вас аду-