Перайсці да зместу

Старонка:Два (1925).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэй, ты! — крыкнуў ён сьмяючыся афіцэру. — Ты-ж жыў, сапраўды жыў. Самае найвялікшае, што зрабіў я табе выстралам, дык гэта расстройства жывата. Ну, ну, падымайся!

Афіцэр чуў словы, чуў сьмех і ня ведаў, дзе ён іх чуе, ці на зямлі, ці мо‘ ўжо на небе. І толькі, калі да яго падышоў Муха і, крануўшы за плячо, крыкнуў:

— „Уставай!“ — ён пакрыху пачаў падымацца.

— Хто кіраваў налётам на вёску? — запытаўся Муха.

Афіцэр маўчаў.

— Слухай, я дужа ня люблю болей двух раз задаваць адно і тое пытаньне. Хто кіраваў налётам на вёску?

Афіцэр перадзёрнуў плячыма, нібы кажучы, як можна задаваць гэтакія пытаньні яму — афіцэру польскае арміі.

— Ды ты не саромся. Мне не аб гэтакіх справах апавядалі вашы гэнэралы, а ты толькі паручнік. Мне ня сорам сказаць; я — Муха…

Пачуўшы слова „Муха“, афіцэр адразу асеў, зьбег з яго ўвесь гонар афіцэра польскай арміі і застаўся ўсяго-на-ўсяго, напалоханы гэтым моцным імем, просты чалавек…

— Дык кажы!

— Л… Ластоўскі! — хутчэй рухам вуснаў, чым словамі, працадзіў афіцэр.

— Ластоўскі?! — перапытаўся Муха, нібы нешта ўспамінаючы…

— Дзе-ж ён цяпер? Уцёк з атрадам ці мо‘ забілі яго там?

— Яго з атрадам ня было, — адказаў афіцэр ужо больш рашучым голасам.

Афіцэру цяжка спачатку было згубіць сумленьне і пачаць здраднічаць, а раз ужо пачаўшы, ён нічога ўжо не губляў.

— А дзе ж ён быў? — запытаўся Муха.

— Ластоўскі з гуртком афіцэраў, адзеўшыся ў вопратку сялян, пашоў шукаць ваш лягер, шукаць вас….

Нібы маланкамі, перадзёрнуўся лоб Мухі маршчынамі….