Няміга — прытока Сьвіслачы[1], значыць Дудуток — мясцовасьць, якая знаходзілася недалёка ад Менску, і бліжэй за ўсё гэта мястэчка Дудзічы, што ляжыць у адлегласьці прыблізна 40 вёрст на поўдзень ад Менску. Яно якраз знаходзіцца на даўнейшым шляху, які вёў з поўдня праз Менск на Лагойск і, магчыма, што па гэтым уласна шляху каля Дудзіч і праходзіла войска Усяслава на спатканьне з сіламі Яраславічаў.
* * *
Некаторыя паралелі ў лексыцы.
Бо („Слова“ 4, 6, 8 стар.). — „Мовчиш, бо праўда“ — слоўн. Насовіча; „не зрабіў, бо не загадывалі“ — Віцебскі краёвы слоўнік М. Касьпяровіча.
Болонь… „на болони бѣша дебрьски сани“… („Сл.“ 16 стар.). У слоўніку Насовіча „болонь, балона — обширное, открытое, ровное место при селении, или в поле, поляна. «Пусьці каня на балону».
Лисицы брешут (,,Сл.“ 8 стар.) „На вуліцы курта брэша“ (Шн. Б. п. 272 ст.).
"Бусови врани (Сл. 16 стар.), "время Бусово („Сл.“ 18). Параўн. „жыта бусее“ у сэнсе „псуецца, пакрываецца іржой“, вядомае ў Дзісенскім павеце. (Вуснае паведамленьне В. Ю. Ластоўскага). У слоўніку І. Насовіча і М. Байкова і С. Некрашэвіча: „бусаваць — пьянствовать, дебоширить“. „Нашы бусуюць в Корчме“ (Насовіч).
„Вежы половецкия“ („Сл.“ 28 стар.) — у сэнсе „шатры“, „палаткі“.
„Велми“ („Сл.“ 10) у звычайным сэнсе рас. „очень, весьма“. Сёньня куцьця была вельмі смачная“. (Віц. кр. сл. Касьпяровіча).
„Година“ — у значэньні час, время. („Сл“. 14, 26 стар.). Гэтае слова занатавана ў слоўніку С. Сокалава, выдрукаванага ў „Могилевскихъ губернскихъ вѣдомостях“ 1854 г. (Часть неоффиціальная к № № 44, 45, 46, 47, 48 і 49).
Див… „збися Дивъ“ („Сл.“ 8 стар.). У часопісе „Крывіч“ 1926 г. № 1 (11) стар. 112 зьмешчана наступная даведка: „грамадзянін А. Красьневіч піша з-пад Ожы, што ў яго аколіцах вераць у Дзіва, называючы яго ні то нейкім богам, ні то так надпрыроднай істотай“.
- ↑ Нямігу за прытоку Сьвіслачы лічаць проф. У. М. Ігнатоўскі („Кароткі нарыс гісторыі Беларусі“, выд, 4, Менск, 1926, стар. 30), проф. В. А. Келтуяла (названая вышэй праца, стар. 59) і іншыя дасьледчыкі, але ў літаратуры аб „Слове“ выказваўся і іншы погляд. Напр. у часоп. „Крывіч“ у апошні час зьмешчана наступная нататка (1925 г. № 9 (1) стар. 99 разьдз. „Запіскі“): „З лёгкай рукі Хадакоўскага ў 1830-40-х гадох была адкрыта летапісная рака Няміга ў Менску (Русск. Истор. Сборн 1,38) — дробны ручаёк, які ўліваецца ў Сьвіслач. Уважны разгляд летапіснага тэксту наводзіць на думку, што тая Няміга, аб якой гаворыцца ў летапісу, павінна быць на поўнач ад Менску, каля гораду «Немиза», які паводле старых географічных адрыўкаў пастаўлены паміж Оршай і Друцкам («Ж. М. В. Д.» 1848, ноябрь, б.б. 192—193“). У летапісу гаворыцца: "Ярославічи тріе… идоша на Всеслава… и приидоша (з Кіева) к Менску… взяша… и поидоше к Немизе… Разграбіўшы Менск, Яраславічы пайшлі ў старану Оршы праз Нямігу, за імі пагнаўся Усяслаў, як сказана ў Слове аб палку Ігаравым: „скочи влъкомъ до Немиги съ Дудуток“ (Дудзічы — мястэчка б. Ігуменскага павету). Бліжэй акрэсьляючы, паміж Дудзічамі і Оршай павінна быць рака Няміга. З большых рэк тут маецца толькі адна Бярэзіна. Тут акурат, ніжэй Барысава, ёсьць дагэтуль „Нямеза“ — праўдападобна сьлед старадаўняга гораду „Немиза“. Дык пад летапіснай ракой Нямігай трэба разумець ня Менскі прыток Нямігу, а цяперашнюю раку Бярэзіну.