Перайсці да зместу

Старонка:Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (1935).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэтулькі даведваемся аб біографіі Грынявіцкага ў апісаньні др. Т. Грыба. Ужо з гэтых, хоць даволі скупых, вестак можам зрабіць некаторыя, патрэбныя нам вывады.

Прадусім мусім сьцьвердзіць, што Грынявіцкі сапраўды быў годным спадкабернікам беларуска-вызвольных ідэяў, пакінутых Каліноўскім. Для гэных ідэяў ён працаваў, разьвіваў іх далей, тасуючыся да варункаў свайго часу. Сапраўды, унікаючы ў працу Грынявіцкага, спатыкаем шмат у яго падобнага, а крыху і рознага, з Каліноўскім.

Грынявіцкі, як аб гэтым можна судзіць з яго біографіі. паходзіў так-жа, як і Каліноўскі, з беларускай абяднелай шляхты. Аб гэтым гавора яго прозьвішча, а так-жа фальварак ягонага бацькі у Горадзеншчыне. Такім чынам Ігнат наш так-жа вышаў з тэй беларускай грамадзкай клясы, якая яшчэ не цалком сполёнізавалася, якая будучы сама вольнай ад паншчыны, была найбліжэй да народу і якая яшчэ перахоўвала ў сабе традыцыі аб мінуўшчыне беларускага народу ў складзе аднаго суцэльнага палітычнага цела — Вялікага Княства Літоўскага. Вось чаму Грынявіцкі, як і Каліноўскі, будучы беларусам і працуючы для Беларусі, цалком ня знаючы літоўскай мовы, зваў сябе Літвіном.

Каліноўскі першы падняў сьцяг барацьбы за волю беларускага народу, а Грынявіцкі яго панёс далей, кладучы сваё за народ жыцьцё, як і яго папярэднік. Думаецца нам, што Грынявіцкі многа чуў і ведаў аб Каліноўскім. Трэба ведаць, што калі слаўны наш Кастусь паміраў на шыбеніцы — Ігнат меў ужо 8 гадоў і мусіў ня мала чуць аб Каліноўскім, імя якога было шырока ведама па ўсей Горадзеншчыне. А ўзноў, калі Ігнат ужо быў барацьбітом у радох народавольцаў у Пецярбурзе, ад сьмерці Кастуся было гадоў толькі 15. Памяць яшчэ аб ім у народзе была сьвежай і Грынявіцкі, дапаўняючы свае дзіцячыя аб Кастусю ўспаміны, меў чым карыстацца і мог такім чынам здабыць аб ім поўнае паняцьце. Надта магчыма, што сьмерць Каліноўскага і яго праца была адной з галоўных прычын, якая фармавала палітычныя пагляды Грынявіцкага і якая папіхала яго на рашучую барацьбу за народ.

Шмат, як бачым, было супольнага між Каліноўскім і Грынявіцкім, але было ўжо ў гэтага апошняга і нешта цалком новае, асобнае. Абодва яны ідуць за волю беларускага народу, бязумоўна ўспамінаючы слаўную нашу мінуў-