Перайсці да зместу

Старонка:Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (1935).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пасьля гэтага сьветлага літ.-бел. пэрыяду беларускаму народу прышоў час упадку, час занепаду і палітычна дзяржаўнага і культурнага. Быў гэта час, калі народ гэты пасьля Люблінскай уніі (1569) апынуўся пад Польшчай, ужо не як палітычна самастойны, але як яе падданы, а пасьля разьдзелу Польшчы (канец XVIII ст.) апынуўся ён у такім-жа палажэньні пад Расеяй. Аднак народ наш і тут жыў так-жа вартасьцяй грамадзкай, якая яму прыпамінала яго нацыянальную асобнасьць — ягоную няпольскасьць і нерасейскасьць. Гэтай вартасьцяй, гэтым народным ідэалам была рэлігія і Царква. Праўда, рэлігійным наш народ быў заўсёды, заўсёды ён цаніў рэлігію высока, тварыў заўсёды рэлігійную культуру: пісьменства, малярства, архітэктуру і г.д., але на гэтую справу асаблівую зьвярнуў ён увагу ў пару свайго занепаду, у пару сваей палітычна-грамадзкай няволі.

Калі народ наш пачуў нязвычайны націск на сябе з боку Польшчы, калі пабачыў, што можа згінуць, асаблівую ўвагу у сваім жыцьці грамадзкім зьвярнуў ён на рэлігію, бо ён ведаў, што баронячы рэлігію і Царкву, бароніць нацыю, бароніць народ. І сапраўды — у XVII і XVIII ст. толькі рэлігія была тэй грамадзкай вартасьцяй, якая зьберагала беларускую нацыю і тварыла беларускую культуру, як азнаку жыцьця народу. Вось чаму беларусы часта так сапраўды гэроічна бароліся з рэлігійнай уніяй, слушна бачачы ў ёй наступ польшчыны, а пасьля, калі з уніяй зжыліся і ў значнай меры не дапусьцілі да яе поўнага злаціншчаньня і спольшчаньня, калі унія была ўжо знакам, які розьніў беларуса як ад польскага каталіцтва, так і ад маскоўскага праваслаўя, калі унія сталася адзінай апорай бел. культурнай асобнасьці, адзінай апорай беларускай нацыі, — беларусы яе так-жа гэроічна баранілі проціў наступу маскоўскіх цароў, што сягалі па душу яго пры помачы верных слуг сваіх здрадзіўшых унію епіскапаў Сямашкі, Лужынскага і Зубкі.

Цікава так-жа адзначыць, што ў гэтым часе беларускі народ зваў сябе пераважна тутэйшым, рэзка гэтым аддзяляючыся ад напіраючай на сябе чужой, ня тутэйшай Польшчы і Расеі.

Розна, як бачым, жыў у гісторыі беларускі народ, але жыў заўсёды, будуючы сваю дзяржаўнасьць, творачы свой грамадзкі лад і сваю культуру і гэтым разьвіваючы сваю нацыянальнасьць.