Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўзрасьлі толькі ў 15-ым сталецьці, а прыкрымі зрабіліся для беларускіх патрыотаў толькі ў 16-ым сталецьці. Самая шкода хавалася ў адсутнасьці добрых нацыянальна-беларускіх школ. Хоць сярод беларускіх магнатаў і цяпер панавала ў хатнім ужытку свая родная беларуская мова, але стала, да прыкладу, модным падпісываць на офіцыяльных дакумэнтах сваё імя польскімі літэрамі, бо гэта лічылася знакам адукаванасьці! У другой палавіне 16-га сталецьця аж разумныя людзі (як „стоўп праваслаўнае веры“, маскоўскі цімак князь Курбскі) і тыя спакусіліся гэтаю модаю. Узгадаваньне ў польскіх школах, каталіцкіх і протэстанцкіх, прышчэплівала беларускім магнатам і шляхце рабскае паддаваньне перад польскай культурай і раўнадушнасьць да свайго, роднага, асабліва мовы—яе сталі ганіць і ня любіць. Сьледам за панамі ішло духавенства. Так, ужо В. Цяпінскі лаіў паноў за тое, што яны ня маюць школ для вучэньня роднай мове і абвучаюць сваіх дзяцей папольску, „або ў іныя пісьма за такою няволяю заправуюць“ з нямалым сорамам для сябе і для дзяцей… Але і гэта была яшчэ не такая бяда, пакуль паклоньнікі польскай мовы чулі сябе беларусамі, пакуль не разьвілося ганебнае выраканьне свайго народу. Ня гледзячы нінавошта, Люблінская палітычная унія 1569 г. офіцыяльна была такая: абодва гаспадарства злучыліся, як „роўны з роўным“ і „вольны з вольным“, на вечны час у такім значаньні, што яны павінны былі мець супольны парлямэнт (сойм), які мае права даваць законы і выбіраць супольнага гаспадара: для палякоў караля, для нас—вялікага князя. Улада вялікага князя ў нас выяўляецца незалежна: законы, войска, грошы, фінансы і міністэрствы кожнае гаспадарства мае асобныя, палякі—свае, мы—свае. Сьпецыяльныя для нашага гаспадарства законы разглядаліся толькі нашымі пасламі. Але ў другой ужо палавіне 17-га сталецьця гэтая мяжа пачала на практыцы сьцірацца, пачалі зьяўляцца супольныя для абодвух гаспадарстваў установы. Усё болей а болей прыяжджаюць на Беларусь і палякі колёнізатары, глаўным чынам шляхта (зрэдку рамесьнікі). Тады нашае панства, замест бараніць родную справу, яшчэ болей задзівавалася на бліскучую польскую шляхту і яшчэ горш пачало цягнуць да Польшчы, дзе панству былі вялікія правы і выгоды. Шкодным для нацыянальнай справы беларусаў выйшла і протэстанцтва. Калі ў канцы 16-га сталецьця распачалі на Беларусі шырокую працу езуіты, тады протэстанты з быўшых праваслаўных магнатаў пачалі шыбка перахадзіць на каталіцтва. У канцы канцоў беларускія вышэйшыя станы, так шчыльна, прыпаўшыя да палякоў культурна, палітычна і рэлігійна, няўпрыцям зусім перавярнуліся на палякоў. Каб