Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

году ў Вільню і ў доме глаўнага віленскага бурмістра Бабіча залажыў першую на Беларусі друкарню, гдзе таксама друкаваў кніжкі. Аб далейшым яго жыцьці вестак захавалася мала. Жаніўся, жыў бедна, меў даўгі, быў засуджан на конфіскацыю ўсяе маемасьці, жаліўся на розныя крыўды каралю. Астатні раз успамінаецца ў актах у 1535 годзе, а калі памёр—то невядома. Скарына меў два іменьні: Францыск і Георгій. Есьць здогад, што быў ён праваслаўны, а каб паступіць у кракаўскі унівэрсітэт, прыняў каталіцтва.

Кнігі Скарыны. У 1517, 1518 і 1519 гадох у Празе Скарына прыблізіў да беларускай мовы і надрукаваў 22 кнігі старога закону. Гэта была: „Біблія руська, доктарам Францыскам Скарынаю із слаўнага града Полацка, богу ко чці і людзем паспалітым к добраму наўчэньню“. Кожная кніга была выдрукавана паасобку. У 1525 годзе ў Вільні Скарына надрукаваў „Малую падарожную кніжыцу“, у каторай зьмесьціў Псалтыр з пражскай Бібліі і, апрача таго, часасловец, акафісты, шастаднёў і саборнік (сьвятцы). У тым-жа годзе выйшаў у Вільні яго Апостал. Асаблівае значаньне для гісторыі літэратуры маюць яго орыгінальныя прадмовы да кніг.

Пачатак беларускага друку. Першы пачаў друкаваць кніжкі кірылаўскімі буквамі Швайпольт Феоль, каторы ў 1491 годзе ў сваёй кракаўскай друкарні, на кошты беларускіх вяльможаў Кішкі, Гаштольда і Скуміна-Тышкевіча, адціснуў пяць царкоўных кніжак у царкоўна-славянскай мове. феоль быў абвінавачан у гэрэзі і ўцёк у Вэнгрыю. Мова яго выданьня маець беларускія асаблівасьці, але іх помала, каб кніжкі тыя лічыць за беларускія. Першая друкаваная беларуская кніжка—Псалтыр Скарыны, першая кніжка з яго Бібліі. Псалтыр гэты выйшаў з друку ў Празе 6-га жніўня (аўгуста) 1517-га года. У 1917 годзе, 6 жніўня, беларусы сьвяткавалі 400-лецьце свайго друку.

Пачатак беларускага друку на Беларусі прыпадае на 1525 год.

Агульны характар скарынінскіх выданьняў. Друкарская тэхніка ў пачатку 16-га сталецьця стаяла яшчэ дужа нізка: друкаваньне было сакрэтам колькіх чалавек; друкар сам выразаў на дручкох літэры, сам укладаў словы і адбіваў аркушы на ручным варштаце. І доктару Скарыне, апроч яго чыста навуковай працы па выкладаньню