Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

іх духоўную балючасьць. Урэшце,—„Сон на кургане“, за свой вялікі артызм, ёсьць пакуль што адным з самых лепшых твораў нашай поэзіі.

Драма Купалы складаецца да гэтага часу з „Паўлінкі“ і „Раскіданага гнязда“. Творы напісаны адзін за адным цераз год, але ідэйная розьніца іх вялікая: першы належыць да канца першага перыаду ў купалавай творчасьці, другі—да яе другога перыаду. У першым—прастата і сьвежасьць зборніка „Жалейка“, ў другім—артызм і сымволічны туман поэмы „Сон на кургане“.

Паўлінка“, сцэны із шляхоцкага жыцьця ў двух актах, напісаныя ўвясну 1912 года ў Акопах, маюць вялікі ўсьпех на беларускай сцэне, а таксама вызначаюцца і ня малымі літэратурнымі вартасьцямі. Шляхоцкае жыцьцё змалёвана тут надта ярка, жыва і проста. Можна думаць, што аўтор сьпісаў сваіх героеў з запраўднага жыцьця. Бытавыя малюнкі стаяць тут на першым пляне, яны найболей задаліся. Духоўная старана—слабей; псыхолёгія дзеячых асоб толькі зьлёгка закранута; яна паказана ў такой меры, у якой праходзіць прад вачмі звычайчага чалавека. З большай уважнасьцю паказана душа Паўлінкі. Абраз гэтай слаўнай дзяўчыны-шляхцяначкі напісан драматургам як партрэт, але, на шчасьце, тая асоба, з якой партрэт намалёван, аказалася вельмі тыповай для свае сфэры. З гэтай прычыны партрэт Паўлінкі выглядае мастацкім тыпам, і беларускія дзяўчаты з шляхоцкіх ваколіц могуць пазнаць у ім шмат свайго характару. Паўлінка вышэй за ўсё ставіць каханьне; яна любіць сваіх бацькоў, ды ўжо выйшла з іхнага сьветагляду, а затое вось, бедная, мучыцца; яна кволенькая, далікатненькая, але ва ймя свае справядлівае думкі пойдзець на неспадзяванае для другіх, рызыкоўнае і прыгожае змаганьне. Шкада, што няма яшчэ аднаго, трэцяга, акта драмы, і няведама, што было далей з гэтага змаганьня; ці-ж так слабыя дзявочыя крыльлікі без надзеі і апусьціліся? Помала таго, што сказана ў драме і аб новым чалавеку беларускага жыцьця — Якіму Сароцы, асабліва раўнуючы з той добрай уважнасьцю, якая памастацку аказана пану Адольфу Быкоўшчыку. Гэты пан — духоўны брат каганцовагамоднага шляхцюка“, толькі прасьцейшы, бо жывець ня ў горадзе, а ў засьценку.

Раскіданае гняздо — драма ў пяцёх актах. Скончана ў восень 1913 году ў Акопах. Зьмест для драмы аўтор узяў з рэяльнага жыцьця, але кожны абраз і кожную гутарку зрабіў сымволічнымі. Апрача таго, дзеячыя асобы