Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нашаніўская пара.
(1905 г.—1915 г.).

Нацыянальная, ці нашаніўская (ад назову газэты „Наша Ніва“) пара пачалася з рэволюцыі 1905-га года, калі беларускае друкаванае слова магло вольна пашырацца на ўлоньні свае айчызны. Падрыхтавала яе народніцкая пара, а пазьней—тыя шырокія рэволюцыйныя валы, што пакаціліся ў беларускім народзе. Ў 1905—1906 гадох Беларуская Соцыялістычная Грамада, выдрукавала і пусьціла ў самыя далёкія, глухія і цёмныя куткі бацькаўшчыны дужа многа праклямацый, якія пабуджалі ў народзе соцыяльную сьвядомасьць, а разам з тым заклікалі скідаць нацыянальны гнёт, каторы на Беларусі заўсёды ішоў поруч з соцыяльным. Такім чынам, у кола клясавых дамаганьняў, якія жылі ў сьвядомасьці беларуска-сялянскай грамады, уваходзілі і прывіваліся беларускія нацыянальныя жаданьні. У 1906 годзе заснаваўся Беларускі Вучыцельскі Хаўрус, да якога прыгарнулася вялікая лічба народных вучыцялёў, працаваўшых сярод народа у соцыялістычным кірунку із нацыянальнымі азнакамі. Адначасна пачаўся беларускі рух сярод вучнёўскай моладзі ў інстытутах, вучыцельскіх і духоўных сэмінарыях, сельска-гаспадарскіх школах і ўсюдых, дзе шмат было беларускіх дзяцей бяднейшых станаў. Рух адраджэньня найбайчэй узрастаў у Вільні і ў Пецярбурзе, хоць людзі рупіліся працаваць і ў другіх местах. Гэтак, ў Менску. выйшла беларуская газэта ў маскоўскай мове „Голосъ Бҍлоруссіи“, зачыненая, на першым нумару; У Магілёве залажылася „Общество изученія Бҍлорусскаго Края“ і г. д. З 1906 году ў Пецярбурзе пачало працаваць першае беларускае выдавецкае таварыства, суполка „Загляне сонца і ў наша ваконца“. Стараньнем гэтага выдавецтва надрукавана шмат беларускіх кніжак: прыгожай літэратуры, новай і навейшай, школьных падручнікаў, популярна-навуковых брошурак. Друкаваньне йшло лацінкаю і кірыліцай (гражданкаю). Зьяўлялісь і другія выдавецтвы, як Антона Грыневіча і іншыя.

14 (1-га) верасьня 1906 года выйшаў у Вільні першы нумар першай легальнай беларускай газэты „Наша Доля“.

Гэты дзень лічыцца сьвятам беларускага адраджэньня і быў ён важным пунктам ў гісторыі беларускай літэратуры. Пісала ў „Нашай Долі“ рэволюцыянэрка Цётка, пісалі яшчэ: Дзядзька Пранук (Ф. Умястоўскі), В. Тройца (В. Іваноўскі) і з маладзейшых — Я. Колас і А. Навіна. Нумары „Нашай Долі“ зрабіліся цяпер дарагой бібліаграфічнай рэдкасьцю.