Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

В. Ровінскага, ці яе стараннага пашыраньніка Т. Манькоўскага. Зусім магчыма, што напісаў яго сам аўтор беларускай „Энеіды“ — В. Ровінскі. Прызнаваць, што напісаў гэтую поэму В. Марцінкевіч, можна толькі з той умовай, што на яго мела велікі ўплыў „Энеіда“ і пецярбургскія беларусы і ўкраінцы, блізкія да маскоўскіх літэратурных грамадак. А калі-б і так, усё роўна, тая найлепшая рэдакцыя, у якой хадзіў твор па Віцебшчыне й Магілеўшчыне, была ўжо ня блізкая да спасабоў творчасьці Марцінкевіча. Значыцца, „Тараса на Парнасе“, можа быць, напісанага спачатку Марцінкевічам, нехта з невядомых беларускіх поэтаў значна перарабіў на ўсходзе Беларусі. Забаўна тое, што ёсьць старыя сьпіскі, на якіх пад поэмай „Тарас на Парнасе“ стаіць імя Адама Міцкевіча!

„Тарас на Парнасе“ яшчэ больш за „Энеіды“ пашыраўся ў народзе рукапісным і пераказным спосабам. Надта любіла дэклямаваць яго дробная беларуская шляхта, а пазьней — беларуская мужыцкая інтэлігенцыя. У самыя астатнія гады хадзіў гэты твор па Беларусі ў сьпісках сярод школьнай моладзі цэлымі тысячамі. Першы раз яго надрукавалі ў 1889 годзе („Минскій Листокъ“, № 37). З тае пары друкаваўся ён дзесяткі два разоў у розных кніжках, газэтах, журналах і асобнымі выданьнямі.

Аўтор гэтай поэмы, хто-б ён ня быў, пісаў свой твор, бязумоўна, пад „Энеіду“; можа быць, вучыўся ён пісаць па „Энеідзе“. Уся абстаноўка поэмы „Тарас на Парнасе”, яе мова і будова верша паказуюць на цесны і радаводны зьвязак абодвух твораў, пазьнейшага з ранейшым. Розьніца толькі тая, што ў пазьнейшым ёсьць свой, не пазычаны, хоць просьценькі, але орыгінальны сюжэт. І тут таксама іменьні і назовы з грэцкай і рымскай міфолёгіі, але і толькі; пад відам багоў са сьмехам змаляваў аўтор поэмы заможных беларускіх сялян, іх жыцьцё і быт. І гэтая поэма скрозь прахоплена беларускім народным духам, каторы ёсьць тут у кожным руху й слове апісаных асоб.

Мова поэмы — дужа чыстая народная. Пераважаюць асаблівасьці ўсходніх гаворак, а найболей у словах (рахманы, раньне, пякець, прыгожа, адкулецька, круглалікі, хадзяйства, дзеўкі, быццам, — у Марцінкевіча часьцей мэрам, — дзела, плясуха і інш.). Есьць некалькі вялікарусізмаў (вор, сашчытаць, паташчыць і інш). Есьць пара слоў і зваротаў, занесеных з Маскоўшчыны стараверамі і цяпер пашыраных у Дрысенскім, Полацкім, Лепельскім паветах, як да прыкладу: зубам (замест: зубамі), на жалейкі (замест: па жалейцы). Сінтаксіс, наадварот, маець такі ўхіл на захад: „Хадзіўшы па