Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

перад касьцёлам сьв. Яна ў Вільні. Цяпер гэтая Біблія нязвычайная бібліаграфічная рэдкасьць. Друкарня з Бярэсьця была перавезена ў Вільню і аддадзена езуіцкай акадэміі. У Супрасьлі (Горадзеншчына) друкарня істнавала пры уніяцкім базыльянскім манастыры. Тут друкаваліся Чэцьці-Мінеі, свяшчэннае пісаньне і наагул царкоўныя і духоўныя уніяцкія кнігі для ўсяе Беларусі. Тут-жа друкаваліся і стараверскія кнігі (у перш. палав 18 ст.). Супрасьльская друкарня істнавала аж да пачатку 19-га сталецьця; калі Супрасьль з Беластокам адыйшоў да Прусаў, зьбяднеўшыя манахі-уніяты прадалі яе друкару Арону з Беластока (Кіркор, „Асьвета і народная творчасьць У Ліцьве“). Друкарня ў Еўі (35 вёрст ад Вільні) была адчынена ў 1611 г. князем Багданам Огінскім. Апрача таго, былі вялікія друкарні ў Дзярэчыне, Гродз. губ., (зрабіў У 1585 г. Сапега), у Кейданах, Ковен. губ., (зрабіў у 1611 г. Януш Радзівіл), у Сейнах, Ашмяне, Кнышыне, Слоніме, Горадні, Заслаўлі, Магілеве, Полацку, Менску, Пінску, Бялынычах і іншых мястох. Друкаваньне кніг, пачаўшыся ўдосьветкі ў 16 сталецьці, к канцу века разьвілося нязвычайна: можна было налічыць дзесяткі друкарняў, раскіданых па розных мястох і мясьцечках Беларусі. Найболей старадрукарскіх кніг, дайшоўшых да нас, прыпадае на канец 16-га і пачатак 17-га сталецьця. Друкаваліся і расходзілісь кнігі ў масе экзэмпляраў. Есьць тут усялякія выданьні. Есьць, акром разгледжаных, дужа цікаўныя па мове, як „Гармонія, альбо сагласіе веры, сакрамэнтаў і цэрэмоней васточнае цэркві з касьцёлам рымскім“ (Вільня, 1608) ці вучыцельнае Эвангельле Каліста (Еўе, 1616), выданае дзеля „пранезнаемасьці і неумеетнасьці языка славенскага многіх,“ цераз што іншыя „удавалісь да заразьлівых ерэтычнай навукі паствіск.“ Есьць кнігі па філёлёгіі, як граматыкі (Лаўрэзція Зізанія — Вільня, 1596 г., М. Сматрыцкага — Еўе, 1616 г. і інш.), слоўнікі („Лексікон“ Памвы Бярынды — 1627 г., складаны на працягу больш за 30-х гадоў, а ў 1653 г. перадрукованы ў Куцеінскай (Магіл. губ.) друкарні С. Собаля, як „патрэбны і пажытачны многім“). Асабліва-ж многа школьных падручнікаў.


Ай Кітаб.

У 1915 годзе Я. Луцкевіч знайшоў У Сорак-Татарах, ваколіцы пад Вільняй, рукапісную кнігу „Ай Кітаб“, аб каторай пісаў вось што: „Літоўскія татары-магамэтане, якія дагэтуль жывуць у Меншчыне і Віленшчыне, пасяліліся ў на-