Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Базылішк (1917 г.) — казка ў 3 актах. Гэты надта поэтычны, мастацкі твор Аляхновіча трэба разглядаць, як другую за „Бутрымам Няміраю“ спробу драматычнай творчасьці з абстаноўкай нашай далёкай мінуўшчыны. Людзі кажуць на Янку, што ён дурны, бо не разумеюць душы поэта. Тымчасам, ён — запраўдны герой, паказаны, як сымвол сярмяжнай грамады (гл. эпілёг).

Чорт і баба (1918 г.) — надта добра ўсцэнізаваная ў адным акце вядомая народная казка-сатыра, раней зьвершаваная Багушэвічам („Гдзе чорт ня можа, там бабу пашле“). Усюдых заваевала беларускую сцэну.

Страхі жыцьця (1918 г.) — драма ў 3 актах. На творах сучасных драматургаў, а ў тым ліку і Аляхновіча, паклаў выразны адбітак рэволюцыйны настрой, прычым кідаецца ў вочы цікаўная праява: пісьменнікі ня могуць сагнацца са шпаркім лётам жыцьця, маючы сілы, дадзеныя ім. Аляхновіч — удумчывы да свайго наваколу і васпрыймаець акружаючае глыбока, але і ён не пасьпявае даць абраз „сяньня“ і дае ў больш дасканальнай форме абраз „учора“. Хаця аўтор ніводным словам не намікае аб тым, гдзе і калі рэч дзеецца, але можна здагадацца, што гэта яго ўспаміны з апошніх гадоў нямецкай окупацыі (у Вільні). — „Я йшоў па вуліцы цяпер… Ляжыць якійсь, — ужо труп… Людзі міма йдуць… Нічога… Кожны думае толькі аб сабе“… (Сымон, І акт). На гэткім удзячным фоне аўтор змаляваў соцыяльнае зло. Прачытаўшы ці паглядзеўшы на сцэне ўсе тры акты, мы так уражаны жахам гэтага зла, гэтых страхаў, што сэрца закіпае гняўлівым абурэньнем і напаўняецца смагаю новай творчасьці, жаданьнем зьніштожыць страхі старога сьвету і стварыць новае, ясьнеючае, ня блізкае да ўсякіх страхаў жыцьцё. На такое шчасьце галіўся фантазёр, лятучонік Сымон, каторы даводзіў, што маладосьць — вечная, але адурэў і пагінуў ад страхаў старасьці. Лепшыя часткі драмы — калі дзяўчына першы раз прыходзіць з вуліцы і спатыкае на парозе кватэры свайго любага. Яе монолёг азначаецца вялікімі мастацкімі вартасьцямі. Ен хапаець за спод душы. Яшчэ — размова Юзі з любым перад сьмерцьцю, калі яго нялюдзкая шчырасьць духоўна забівае няшчасную. А бесьпярэчна найлепшыя часткі — монолёгі цэнтральнай фігуры, здурнелага лятучоніка і п’яніцы, зьнямоглага ад страхаў старога бацькі. Да заган п’есы трэба запісаць падазрэнна вялікую лічбу сьмерцяў, хаця гэткія рэчы, можа, і зусім звычайныя на полі страхаў.