Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вершаў і г. д. Так, у вадным толькі Віленскім архіве апісаных актаў маецца болей за 200,000. На падгатаваўчую пару прыпадаюць глаўным чынам акты і граматы, а з краснага пісьменства — летапісныя зборнікі і кронікі, сярод каторых запісаны, часам, цікаўныя жыцьці сьвятых або невялічкія повесьці духоўнага характару. Апрача таго, пашыраны былі царкоўныя рукапісныя кнігі. Выдатных літэратурных памятак падгатаваўчая пара не пакінула, а можа быць яны пагінулі. Аб слове 13—14 сталецьцяў даюць разуменьне такія дакумэнты: Смаленская тарговая праўда (пачатак 13 ст.); Умова князя Эрдэна Полацкага і Віцебскага з містрам Крыжацкім у Рызе (1264г.), Тарговая ўмова між Рыгай і Полацкам" (блізка 1330 г.) і іншыя рэчы. З 1386 года, калі Ягайла зрабіў палітычны хаўрус з Польшчаю, на Беларусі зьяўляюцца выразныя заходнія ўплывы. Магчыма, што гэтая навіна памагла народнай беларускай мове набрацца сілы ў пісьменстве і пазбыцца царкоўна-славянізмаў. 15-ае сталецьце і наагул пазьнейшы час падгатаваўчае пары вызначаецца 1) духоўнымі творамі, 2) судовай літэратурай і 3) кронікамі.

Духоўныя творы, ці лепей сказаць — творы сьвецкія духоўнага зьместу і характару, прызначаліся, глаўным чынам, для сьвецкага грамадзянства або і напісаны людзьмі гэтай сфэры. У народнай мове іх было лягчэй і прыямней пісаць, а таксама пасьпяшней пашыраць сярод грамадзянства. Сярод твораў тае пары ёсьць праваслаўныя і каталіцкія. Усе яны захаваліся ў рукапісах, пісаных кірыліцаю. Праваслаўныя духоўныя творы выглядаюць далейшаю, болей беларускаю формаю жыцьцяў сьвятых, апокрыфаў, пераказаў і ўсяго таго, што мела царкоўна-славяншчына. Сярод каталіцкіх твораў 15-га сталецьця вызначаюцца такія: Жыцьце Аляксея, чалавека божага; Мука Хрыстусова; Повесьць а трох каралёх; О умучэні пана нашага Есуса Кріста; О устані Крыстусові із мертвых; О плачы Маткі о Сыну і інш. Літэратурная вартасьць гэтых твораў маецца ў вобразнасьці думак, прыгажстве і яркасьці мовы ды ў іншым. З вялікай лічбы царкоўных тагачасных кніжак цікавен, між іншым, беларускім правапісам талковы Псалтыр дзяка Арцема, сьпісаны ў Віцебску.

Статут караля Казіміра (1468 г.). Раней, як дзе яшчэ, разьвілася наша старадаўная кніжная мова ў літэратуры актаў, грамат і наагул юрыдычных памятак. Найвышэйшай ступені дайшла актавая мова ў часе Літоўскага