Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

надворна-літэратурнага яны стаяць у сваім часе надта высака: дасканальная мастацкая проза, сакавіты малюнак, гушчыня фарбаў, прыгажство і сьвежасьць параўнаваньняў, меткасьць слоў і чыста-народная абразнасьць, — гэта і іх вартасьці. З боку ідэйна-літэратурнага яны заўсёды глыбокі і наагул багаты, горкім сьмехам падчырківаюць захаваную ў іх думку і наводзяць чытаньніка на развагі. Пераважаюць і тут соцыяльныя мотывы, каторыя не высуваюцца, аднак, пісьменьнікам наўмысьля на першы план, як ў некаторых нашаніўцаў, а паказаны зусім бесстаронна, дзеля чаго і здабываюць асабліва прыкметнае значаньне. Аўтор без усякіх падчырківаньняў, павялічаньняў і згушчаньняў абгаляець страшныя язвы нашага сялянскага жыцьця. Драматызм крайняй і безнадзейнай беднасьці, як прычына з рэзультатам, зьвязанай з п’янствам, адчаем настрою і садызмам пачуцьця, таланавіта змалёван у колькіх апавяданьнях („Сьцёпка“, „Тулягі“, „Сымон“ і інш.). Сымон штодзенна б’ець жонку, і яму лягчэй робіцца. Сьцёпка прапівае астатнюю муку, расьпінаецца, шалеець, б’ецца, і знаходзіць адхлань сваёй злосьці ад нядолі. На соцыяльным фоне, а найчасьцей на фоне страшэннай галіты творыць Бядуля малюнкі, у каторых знаходзім то цікаўную развагу філёзофскага характару (нахіл да чаго можна разглядаць у Бядулі, як насьледзьдзе навукі талмуда), то псыхолёгічную характарыстыку, то разгляд якога-небудзь чалавечага пачуцьця, то прыметную чырту побыту і г. д. Паказаўшы ў апавяданьні „Пяць лыжак заціркі“ запраўдны, непадмалёваны выгляд тае галіты, калі „няма чым і муху пакарміць“, Бядуля даець гэткі нібы-то ключ да свайго твора: „Шчасьце, як і няшчасьце, ня маець сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на сьвеце, але кожны чалавек маець сваю асобную мерку да шчасьця і свой асобны пагляд на самае шчасьце“. Ды ясна відаць, што гэты ключ — мэтафора, што гэта — проста горкі сьмех над шчасьцем ад лыжкі заціркі. Змаляваўшы жудасную, драматычную карціну беларускага вясковага жыцьця ў апавяданьні „Тулягі“, аўтор пішаць: „Дзіўнай робіцца душа чалавека ў горы. Чароўным робіцца слова балючага сэрца, даходзіць яно тады да найвышэйшага хараства, да сьвятасьці і чыстаты, робіцца ўладарным над людзьмі“. Гэткае хараство знайшоў поэт ў душах Арцёма і Арцёміхі, як памёрла іх Ганулька. Тымчасам, дужа рэдка выяўляецца яно, бо соцыяльныя злыдні гнятуць усялякае парываньне, зьмяншаюць жаданьне, абніжаюць душу чалавека, як гэта мы відзім з апавяданьня „Гора ўдавы Сымоніхі“, „Сон Анупрэя“ і інш. За ўсе мучэньні Анупрэй, гэны тыповы прадстаўнік свае сфэры, просіць у бога толькі кавалак селядца і чарку гарэлкі. Сымоніха — таксама тып, створаны ўсім укладам нашага вяско-