Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

та здольны і старанны хлапец пачаў прахадзіць Талмуд. На трынаццатым годзе жыцьця вучыцца ён у даўгінаўскім ешыбоце (іудзейскай духоўнай сэмінарыі) і „есьць дні“, ці-то маець сем гаспадароў, каторыя кормяць яго па адным дні ў тыдзень, галадуець і цярпіць шмат старэцкіх паніжэньняў, якія душа поэта вельмі адчувала. Бацькі, а найгорш дзед, хочуць адукаваць Самуіла на рабіна, і ён мучаецца так да пятнаццацёх гадоў, патым кідаець ешыбот і прыходзіць з Даўгінава дамоў. У Пасадцу Плаўнік заняў пасаду вучыцеля і тады-ж пачаў пісаць вершы пагэбрайску на духоўна-рэлігійныя мотывы. Дагэтуль нічога сьвецкага ён ня чытаў, а маскоўскай мовы зусім ня ўмеў. Патым пад вялікім уплывам акружаючай вёску прыроды, каторая чаравала поэта сваім хараством, ён знаходзіць Амэрыку, што ў вершах можна апісываць і тое хараство, і вось у яго гэбрайскіх вершах пачынаюць зьяўляцца малюнкі беларускае прыроды, жыцьцё ратая і да т. п. На семнаццатым годзе жыцьця Плаўнік прачытаў вялікую жыдоўскую гісторыю профэсора Грэца ў 10 томах. Яе вольная крытыка ў рэлігійных справах расплюшчывае Плаўніку вочы; ён бярэцца за сьвецкія кнігі і вучыцца парасейску ў батурынскага дзяка (10 вёрст ад Пасадца), зараз пачынае пісаць у гэтай новай для яго мове вершы і мае сьмеласьць паказаць іх сядзельцу. Манапольшчык першы прызнаў у ім здольнага поэта. Тады дзяцюк, як галодны, накінуўся на маскоўскіх клясыкаў. Па кніжкі хадзіў у бліжэйшыя мясьцечкі, у панскія двары, часам за 10—20 вёрст, але не заўседы мог дастаць іх. Разам з тым ён вучыцца завочна па лекцыях нейкага Макеева з Масквы, з каторым дзяржаў перапіску. Расейскія вершы пісаў ён некалькі гадоў узапар і пачаў друкавацца ў розных выпадковых журналах і альманахах, як „На берегахъ Невы“, „Вѣтви“, „Молодые порывы“ і інш. У гэты час бацька поэта займаўся лясным гандлем, і сын некалькі гадоў быў пры лесавой рабоце: узімку ў лесе ля дравасекаў і вазакоў, а ўлетку цэлымі месяцамі пры сплаве дрэва на Сьлізанцы (прыток Нёмна). Жыў ён з сялянамі-рабочымі на ўлоньні ў прыроды і спаў з вартаўнікамі ў будцы на вадзе ці на беразе пры вогнішчы і тут наслухаўся беларускіх казак, песьняў, нагледзіўся чароўных абразкоў беларускае црыроды і добра пазнаўся з жыцьцём-быцьцём селяніна. У 1909 годзе ад даўгінаўскага краўца В. Сосенскага трапіла ў яго рукі „Наша Ніва“; Плаўнік надта зацікавіўся газэтаю і зараз пачаў пасылаць ёй допісы. У 1910 годзе надрукавалі там і яго маленькую імпрэсію „Пяюць нашлежнікі“, — з гэтага пачалася літэратурная дзеяльнасьць Зьмітрака Бядулі. Вясною 1912 г. пераехаў ён у Вільню і быў пастаянным супрацоўнікам „Нашае Нівы“,