Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

1). „Вянок“ (1913 г.) — кніжка выбраных вершаў. Яна складаецца з такіх аддзелаў: 1) „У зачараваным царстве“, 2) „Згукі бацькаўшчыны“, 3) „Старая Беларусь“, 4) „Места“, 5) „Думы“, 6) „Вольныя думы“, 7) „Старая спадчына“ і 8) „Мадонны“. У першым аддзеле поэт ў кароценькіх лірычных вершыках змаляваў зачараванае царства прыроды пад глыбокім паглядам мысьліцеля. Тут ёсьць абразы лета, вечара й ночы ўлетку, зімы, буры, леса, возера і т. д. Толькі гэта ня простае мастацкае апісаньне, а паказаньне таксама і таго настрою, які зьяўляецца ў поэта-філёзофа з уяўленьнем тых абразоў; паказаньне і той ідэі, якую родзіць у яго душы апісаны абраз. Калі-ж у каторым-небудзь вершыку свае асобнае ідэі няма, дык для яго астаецца адна агульная ідэя усіх вершаў: сьвет прыгож, і адчуваць яго хараство — шчасьце жыцьця. У лесавым гуле поэту чуецца граньне сумнага, маркотнага лясуна: „быццам тысячы крэпка нацягнутых струн, тонкаствольныя сосны зьвіняць“. Перад веліччу гэткага абраза ў поэта зьяўляецца філёзофская думка: „ці трэба казаць, што зіяе-дрыжыць на лісьцёх лазьняка: кроплі сьлёз ці халоднай расы?“ Бура — пасечаная вагністым мечам, панурая, вялізная жывёла; халодныя бічы з яе крыві — тое, што людзі завуць дажджом. Абраз буры — вялікі абраз грознага, крывавага змаганьня ў прыродзе, уяўленьне каторага пабуджае ў душы поэта нейкі гармавічны водгук хараства. Апісаўшы, як ціха па мяккай траве праходзіць сінявокая ноч, як плывець туман, выглядаюць патроху „зорак дрыжачых вянкі“, лажыцца раса і ў палёх запаляюцца жоўта-чырвоныя вагні, поэт знаходзіць, што гэта — „час, калі трэба журыцца душою на сьвежых магілах пуста пранёсшыхся днёў“. Невялічкі другі аддзел сьведчыць, што згукі бацькаўшчыны ўжо на пачатку творчасьці поэта цягнулі яго да народных мотываў і спасабоў пяяньня. Пад канец жыцьця Багдановіч асабліва праняўся думкай, што каб у нас была ня толькі „поэзія ў беларускай мове“, але запраўдная беларуская поэзія, дык трэба браць прыклад з К. Каганца і йці ў поэзіі беларускім народным шляхам. Рэзультатам такой думкі зьявілісь у Багдановіча пазьней дзіўныя вершы, як „Страцім-лебядзь“ і інш., а ў гэтым аддзеле народнасьць паказуецца ў прасьцейшай рытміцы верша і ў абразох і зваротах, узятых з народных песьняў. Як цікаўны пераход ад народнасьці да кніжнасьці, як комбінацыя народнага складу верша з індывідуальнай творчасьцю сучаснага інтэлігента, вызначаецца прыгожы засмучоны вершык біаграфічнага характара „Ня кувай ты, шэрая зязюля“. Трэці аддзел, „Старая Беларусь“, зьмяшчаець вядомыя ўсей пісьменнай Бе-