Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жартлівы плыве збажыной“ („Вясна“, „Вясной“, „На полі вясной“). Наагул, хараство прыроды даець яму салодкі супакой, спараджае ў душы радасьць, і ён ў такім настроі пяець найпоэтычней („Усход сонца“). Тады ў яго зьяўляецца глыбокае поэтычнае натхненьне і лірычная ціхамірнасьць; ахоплены веліччу хараства, ён зазначае, што апісаць той абраз — няма слоў, а можна толькі „ўнікнуць чуткаю душой“ („Ноч“). Але і ўлетку не весяліць поэта абраз „Мужычай нівы“ — вузкіх палосак, парослых „палыном, дзікаю травою“, з пустымі каласамі, пабітымі градам. Навет „птушкі ў божым небе плачуць“ над той ніваю. „Жніво“ ўзята за абраз такое, дзе „рэдкае збожжа, травы палавіна“, дзе „ніва пустымі шуміць каласамі“, дзе „праца марудна, бяз конца цяжка“. Прыгожа-засмучоны настрой выклікаець у яго „Адлёт жураўлёў“. Чуюцца песьняру сьлёзы і ў смутнай песьні, падобнай плачу, калі „сыпяцца кроплі часта і дробна, нудна у вокны бубняць“ („Восенны дождж“ — адзін з лепшых настраёвых вершаў). Абразкі познай беларускай восені, каторых у яго найболей, так датыкаюць сваёй няпрытульнасьцю сэрца поэта, што ён хочаць, каб „скарэй-бы закрывала зямлю чорную зіма“. Родныя абразы ўзімку здаюцца песьняру троху весялейшымі („На гасьцінцы“), але цікаўна, што абразоў тых, у яго песьнях помала і яны ня так выразны і поэтычны, як „абразы пакуты“ ўлетку ці ў восень. „Зіма“ даець песьняру весялейшы настрой, ён рад „белай зіміцы“, рад з ёю ваяваць; яе „белая вопратка“ прыносіць яму яшчэ і спакой, якога „Вясна“ сваім маладым настроем ня можа даць яму, немаладому („У прыродзе ўсё народзіцца, і моладасьць ёй вернецца; ды толькі мне ня вернешся ты, моладасьць! Ня вернешся“…). Такім чынам, беларускія абразы ўлетку абваражуюць душу Я. Коласа хараством, але сеюць і балючыя пытаньні соцыяльнага характару; вясна ажыўляець яго, але пабуджае трывогу індывідуальных перажываньняў; восень спачатку наводзіць на прыгожа-пакутныя думкі, адылі гняцець сваёю нудою і безкалёрнасьцю; зіма даець спакой і бодрасьць.

Гарачая любоў да бацькаўшчыны відаць з усіх вершаў, у якіх пяецца пра абразы роднага краю („Наш родны край“, „Вёска“, „Наша сяло“, „Мужычая ніва“, „Могілкі“, „Родныя песьні“ і інш.). Першы з гэтых маець у сабе ўсе важнейшыя асаблівасьці коласаўскіх „родных абразоў“ і наагул ўсяго зборніка „Песьні жальбы“. Сіратою выглядае „Наша сяло“; хаткі яго пакрывіліся, на стрэхах парос калматы мох, будынкі цесна зьляпіліся, у пабітых вокнах — анучкі, школа спарахнела, згорбілась, а збоку, ля Нёмну, стаіць нудная