Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Меншчыны, з якой выйшла многа народных настаўнікаў і наагул сьвядомых беларусаў. Род поэта даў некалькі таланавітых людзей (Язэп Лёсік — дзядзька поэта, Антось Галіна — родны брат яго і інш.). Больш за 30 мікалаеўцаў скончылі несьвіжcкую вучыцельскую сэмінарыю, таксама і Кастусь Міцкевіч, куды ён паступіў з сваёй вясковай дзьвюх-клясавай школы ў 1898 г. Чарнасоценна-абрусіцельную муштру прахадзілі ў той сэмінарыі беларускія мужыцкія дзеці. Некаторыя з іх, навет з аднакурсьнікаў поэта, назаўсягды прапалі для адраджонай бацькаўшчыны. Аднак, грамадка мікалаеўцаў, з Міцкевічам за правадыра, давала прыклад цьвёрдасьці ў захаваньні беларускай сьвядомасьці, бацькаўскіх традыцый і роднай мовы. Скончыўшы курс сэмінарскае навукі ў 1902 годзе, Міцкевіч быў вучыцелем у пачатковай беларускай школе (Пінск. пав.), дзе мусіў выкладаць навуку ў маскоўскай мове; гэта яго надта мучыла. За арганізацыю ў 1905 годзе тайнага „Беларускага Хаўруса Народных Вучыцялёў“, каторы меў дабівацца, між іншым, нацыянальнай школы, Міцкевіча разам з некалькімі сябрамі засудзілі ў 1907 годзе на тры гады ў вастрог. Кару гэтую поэт адбыў у Менску і напісаў тады свае лепшыя творы. Выйшаўшы з вастрога, ён некалькі гадоў ня мог быць вучыцелем і ня мог дастаць абы-якой пастаяннай работы з прычыны свае палітычнае „няпеўнасьці“, дык жыў патроху ў розных кутох Беларусі і Маскоўшчыны; быў нейкі час у Вільні, дзе пабраўся з дачкою вучыцеля Зотава, а патым быў у Пецярбурзе. Перад вайной ён дастаў-ткі вучыцельскую пасаду ў гарадзкім прыходзкім вучылішчы ў Пінску. Пачалася вайна, і яго ўзялі ў салдаты, паслалі ў Вільню, ганялі на розныя работы, месьці вуліцы і інш. З прыходам волі, калі ранейшая палітычная няпеўнасьць ня мела значаньня, Міцкевіч выйшаў на афіцэра і быў у запасным батальёне ў заволжскім краі. У часе керэншчыны папаў на румынскі фронт. Пасьля дэмобілізацыі асеў ў Абаяні (Курскай губэрні), дзе жыла яго жонка і дзе-