Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вучылася на вышэйшых курсах Лесгафта і працавала ў беларускай колёніі; адтуль езьдзіла ў Фіншчыну лячыцца ад сухот, адылі прыехала ў Менск і наладзіла там літэратурны месячнік для моладзі „Лучынку“, у якім і была кіраўніцай. Калі настала вайна, Цётка запісалася ў міласэрныя сёстры, працавала на фронце, а патым у віленскім бараку для хворых на тыфус. Як у Вільню прыйшлі ў 1915 г. немцы, Цётка ўзялася за арганізацыю беларускіх школ. Паехаўшы ў Лідчыну на хаўтуры свайго бацькі, яна была ў многіх вёсках, ахопленых тыфуснай пошасьцю, зьбірала там матар’ял, каб падаць яго ў Вільні і прасіць ратунку, але заразілася сама і 5 лютага 1916 г. памёрла. Яе пахавалі на родным вясковым могільніку, сярод сялян, для якіх аддала ўсё сваё жыцьцё.

Літэратура Цёткі. Цётка пісала і пад рознымі другімі псэўданімамі (Гаўрыла з Полацку, Мацей Крапіўка, Тымчасовы і інш.) або зусім бяз подпісу. Творы яе параскіданы ўва ўсіх беларускіх выданьнях нашаніўскае пары („Наша Ніва“, „Маладая Беларусь“, „Лучынка“ і інш.). Некаторыя цёткіны творы выйшлі асобнымі кніжкамі („Скрыпка беларуская“ — 1906 г. і „Хрэст на свабоду“ — 1906 г.). Пісала Цётка вершы, апавяданьні, чытанкі для дзяцей („Першае чытаньне для дзетак-беларусаў“, 1906 г.), педагогічныя, навукова-популярныя і інш. артыкулы. Усю літэратурную творчасьць пясьняркі можна падзяліць на дзьве часьці: першы час — рэволюцыйны (1905—1906 г. г.) і другі час — чыста-нашаніўскі (да сьмерці).

Цётка і Багушэвіч. Па кірунку і характару шмат якіх вершаў Цётка маець духоўна-літэратурны зьвязак з Багушэвічам. Яна пачала майстравать сваю „скрыпку“ пад тон яго „дудкі“ („Прадмова“ да „Скрыпкі Беларускай“). Яе лірыка таксама выключна ідэйная ды з большым, чымся ў Багушэвіча, хоць у вагуле з невялічкім прырода-апісаўчым элементам, каторы ізноў-жа не самастоен, а на службе ў той ідэйнасьці. Рэволюцыйны настрой Багушэвіча шырэйшы і меней адкрыты. У Цёткі ён болей адкрыты, але вузейшы, соцыяльна-палітычны. Любоў да бацькаўшчыны і працоўнага люду ў іх роўная, але ў Цёткі яна вастрэйшая, фанатычная і напружана-адраджэнцкая.

Творчасьць Цёткі. На літэратурную беларускую ніву прыйшла Цётка, як рэволюцыянэрка. У першым часе творчасьці яна пісала на палітычныя тэмы, ярка малюючы падзеі рэволюцыі. Вялікія работніцкія дэмон-