В. Н. ПЕРЦАЎ.
акадэмік АН БССР
ГІСТАРЫЧНАЯ ДУМКА Ў БЕЛАРУСІ Ў ХІХ—ПАЧАТКУ ХХ ст.
Гістарычная думка беларускага народа ва ўсе перыяды яе развіцця была цесна звязана з сучаснай ёй соцыяльна-палітычнай абстаноўкай. У раннія перыяды гісторыі, пакуль яшчэ не склалася беларуская народнасць, яна выражалася галоўным чынам у вуснай народнай творчасці і ў летапіснай літаратуры. Гэта быў перыяд, калі народныя масы знаходзіліся пад прыгнётам прыгонніцкіх парадкаў і жылі ў цяжкіх умовах феадальнай раздробленасці і княжацкіх міжусобіц. Таму спробы гістарычнага асэнсавання мінулага рабіліся галоўным чынам у форме пратэсту супраць феадальнага прыгнечання і імкнення выйсці з стану ўдзельнай раздробленасці. Прагрэсіўныя рысы ў гістарычнай думцы да ХѴ ст. праяўляліся галоўным чынам у антыфеадальных і патрыятычных поглядах, якія, з аднаго боку, з горыччу канстатавалі цяжкае становішча мінулага і сучаснага, а з другога, — заключалі ў сабе пошукі лепшай будучыні ў выглядзе знішчэння прыгоннай няволі і ўстанаўлення цвёрдай улады, здольнай ліквідаваць феадальную бязладзіцу.
Пазней, калі зусім ужо склалася беларуская народнасць і вырасла самасвядомасць беларускага народа, а разам з тым узмацнілася яго феадальнае і нацыянальна-рэлігійнае прыгнечанне з боку польскіх феадалаў і каталіцкага духавенства, у гістарычным асэнсаванні мінулага і пошуках лепшай будучыні побач з народнымі масамі, якія працягвалі ствараць свой фальклор, выступілі гарадскія слаі насельніцтва. З асяроддзя гараджан (а часткова і блізкіх да іх па настроях дробных шляхціцаў) вылучыліся таленавітыя барацьбіты за асвету, за веды, за свабоду думкі, якія зрабілі многа для распаўсюджвання адукацыі і ўстанаўлення свабоды думкі (асабліва Георгій Скарына). Яны здолелі асвятліць патрэбы і правы беларускага насельніцтва ўжо з новых, гуманістычных пазіцый. Некаторыя з гэтых гуманістаў, застаючыся ідэалістамі па свайму агульнаму светапогляду, у абалонцы ерэтычных вучэнняў выступалі супраць царкоўнага цемрашальства, у абарону правоў розуму (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі) і нават у абарону соцыяльнай роўнасці (Феадосій Касы). Многія дзеячы ХVI і ХVІІ ст.ст. у сваёй барацьбе супраць узмоцненага польска-каталіцкага прыгнечання ўскладалі спадзяванні на дапамогу з боку адзінаплямённай і адзінавернай Масквы. З канца ХVІІІ ст. для развіцця беларускай грамадскай і гістарычнай думкі наступілі больш спрыяльныя ўмовы. Пасля часовага заняпаду беларускай культуры ў XVII-ХVІІІ ст.ст., выкліканага галоўным чынам узмацненнем феадальна-прыгонніцкага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнечання, у соцыяльна-палітычным жыцці Беларусі пачаўся ўздым, які адбіўся на ажыўленні ў ідэалогіі наогул і, у прыватнасці, у галіне гістарычнай думкі. Галоўнай прычынай гэтага ўздыму было ўз'еднанне беларускага народа з рускім, якое адбылося ў канцы ХVІІІ ст. Яно мела для